Да 15 дзён арышту. Новыя выракі за сьцягі і балёнікі️ на бальконах у Менску

Нацыянальныя сьцягі на лёджыях, бальконах і вокнах сталі знакам пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі, фальшаваньня выбараў і гвалту.

У судах Менска працягваюцца суды над грамадзянамі, якія рознымі спосабамі выказваюць сваю нязгоду з уладай Аляксандра Лукашэнкі.

У судзе Ленінскага раёну Менску 25 студзеня разгледзелі справу Івана Кавальчука. Яго затрымалі ўвечары 24 студзеня за бел-чырвона-белы сьцяг на ягоным акне. На пытаньне судзьдзі Анастасіі Ачалавай, чаму мужчына вывесіў палатно менавіта такой расфарбоўкі, Іван адказаў:

«Мне падабаецца, ярка».

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», у выніку судзьдзя Ачалава пакарала жыхара Менска арыштам на 15 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску бацьку семярых дзяцей аштрафавалі за бел-чырвона-белае жалюзі на бальконе

Абвінаваўчае рашэньне ўхвалілі і ў судзе Першамайскага раёну Менску.

Паводле правааабронцаў «Вясны», раніцай 25 студзеня тут затрымалі блогерку Вольгу Такарчук, куды яна прыйшла па позве. Судзьдзя Максім Трусевіч аштрафаваў яе на 30 базавых велічыняў (870 рублёў) паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП за яе відэа на YouTube, зь якога зрабілі выснову, што Вольга ўзяла ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 29 лістапада.

Блогерка віны не прызнала і сказала, што відэа яна рабіла раней, а 29 лістапада толькі выклала. Пасьля абвяшчэньня рашэньня Вольгу Такарчук затрымалі проста ў залі суду — за пікетаваньне 23 сьнежня на бальконе з балёнікамі, што нібыта пацьвярджаецца ў відэа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пагоня выклікае ў мяне патрыятычныя пачуцьці». Што расказвае бізнэсовец, якога судзілі за сьцяг над сядзібай