У Жлобіне асудзілі трох работнікаў БМЗ за спробу страйку

Беларускі мэталюргічны завод

1 лютага суд у Жлобіне прыйшоў да высновы, што віна траіх абвінавачаных даказаная цалкам.

Ігара Поварава асудзілі на тры гады калёніі, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара на два з паловай гады калёніі.

Your browser doesn’t support HTML5

Як выводзілі з залі асуджаных за спробу страйку работнікаў БМЗ

Вырак вынес судзьдзя Яўген Ерафееў. Дзяржаўны абвінаваўца Андрэй Аношка патрабаваў для падсудных па 3 гады пазбаўленьня волі кожнаму.

Работнікаў Беларускага мэталюргічнага заводу Ігара Поварава, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара судзілі за падзеі 17 жніўня, калі яны спрабавалі пачаць страйк. Тады спынілася праца ўсіх трох печаў на прадпрыемстве.

На знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту яны разам зь іншымі працаўнікамі перакрылі дарогу для тэхналягічнага транспарту на заводзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для супрацоўнікаў БМЗ, якія спрабавалі пачаць страйк, пракурор запатрабаваў па 3 гады калёніі

На сустрэчы з працоўнымі 17 жніўня кіраўніцтва абяцала, што нікога ня будзе караць. Але пазьней Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за «арганізацыю і правядзеньне незаконных групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).

Крымінальную справу ў дачыненьні яшчэ да аднаго рабочага — Паўла Магідава — вылучылі ў асобную вытворчасьць. Магідаў, грамадзянін Расеі, вымушана зьехаў за мяжу.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БМЗ у мільярдных даўгах. А што на іншых заводах?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканамічны шантаж». Афіцыйныя прафсаюзы паскардзіліся на санкцыі Эўразьвязу