У Віцебску напярэдадні Ўсебеларускага сходу прайшлі ператрусы і затрыманьні

Затрыманьні ў Віцебску ў жніўні 2020

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Віцебску і раёне сілавікі правялі мінімум 9 начных ператрусаў. Сама меней на траіх чалавек завялі крымінальныя справы.

У ноч з 9 на 10 лютага ў Віцебску адбыўся шэраг ператрусаў і затрыманьняў. Як мінімум 9 начных ператрусаў у горадзе і раёне, сама меней чацьвёра віцяблян знаходзяцца пасьля іх пад вартай, піша «Віцебская Вясна».

Увечары 9 лютага затрымалі актывістаў Аляксандра Мацяюка і Алега Баразну. Паводле папярэдняй інфармацыі, якую маюць мясцовыя праваабаронцы, іх падазраюць у злачынстве паводле крымінальнага артыкулу 328 («Незаконнае абарачэньне наркотыкаў»).

Санкцыі на начныя ператрусы даваў новы пракурор Віцебску Андрэй Шклярэўскі.

Падчас ператрусу ў пасёлку Ноўка Віцебскага раёну затрымалі маці актывісткі Ангеліны Туравец Тацяну. Яе абвінавацілі ў непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і абразе службовай асобы (арт. 23.5 КаАП). 10 лютага Міхаіл Зубеня ў Віцебскім раённым судзе пакараў яе паводле двух артыкулаў і аштрафаваў на 870 рублёў.

Аднак ужо на выхадзе з судовай залі жанчыну чакалі ажно 10 супрацоўнікаў Віцебскага РАУС і Сьледчага камітэту. На Тацяну Туравец завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка ўнутраных спраў». Яе затрымалі на 72 гадзіны.

Таксама стала вядома пра затрыманьне валянтэркі грамадзкай арганізацыі YMCA («Хрысьціянская супольнасьць дарослых і маладых») Яўгеніі Пачэпкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі абласны суд не падтрымаў пратэсту пракурора ў справе «пікету пэнсіянэрак у лесе»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абсурд, што ў цэнтры Эўропы людзей перасьледуюць за колер фіранак». У Віцебску звольнілі выкладчыка з мэдунівэрсытэту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцябляніна асудзілі за гвалт над 9 міліцыянтамі ў цывільным