МУС патлумачыла прычыны масавага затрыманьня на канцэрце пад Смалявічамі

Афіша канцэрту, які сілавікі прынялі за несанкцыянаванае мерапрыемства.

Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава распаўсюдзіла пазыцыю свайго ведамства аб затрыманьні на канцэрце гурту «Разьбітае сэрца пацана».

Паводле яе словаў, «супрацоўнікі міліцыі спынілі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з выкарыстаньнем БЧБ-сымболікі: пад выглядам музычнай вечарыны на аздараўленчай базе каля Смалявічаў сабраліся актывісты дэструктыўных тэлеграм-каналаў».

Усяго затрымалі 68 чалавек, у тым ліку непаўналетніх.

На дарослых склалі пратаколы за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а ў дачыненьні бацькоў затрыманых падлеткаў праводзіцца праверка па факце невыкананьня імі абавязкаў у выхаваньні дзяцей, піша Чамаданава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АМАП разагнаў канцэрт гурту «Разьбітае сэрца пацана» пад Смалявічамі, затрымалі 67 чалавек

Дзесяць чалавек адпусьцілі (непаўналетніх і тых, у каго на ўтрыманьні малалетнія), з астатнімі праводзіцца разбор.

Чамаданава сьцьвярджае, што ўдзельнікі «канцэрту» нібыта ўжывалі сьпіртное, адна зь дзяўчат магла знаходзіцца ў наркатычным ап'яненьні, цяпер яе абсьледуюць.