Больш, чым на Крым і Краснаярскі край. Колькі крэдытаў Расея можа даць Беларусі

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Сочы, 14 верасьня 2020

У верасьні, пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, Расея пагадзілася даць Беларусі крэдыт у 1,5 мільярда даляраў. Цяпер могуць даць яшчэ 3 мільярды. Ці шмат гэта для самой Расеі? Падлічваем.

3 мільярды даляраў — інфармацыя пра такі магчымы чарговы крэдыт для Беларусі ад Расеі зьявілася напярэдадні Ўсебеларускага сходу. Нібыта гэта грошы, якія Беларусь «зэканоміла» падчас будаўніцтва АЭС. Яшчэ раней, у верасьні, Расея выдзеліла Беларусі 1,5 мільярда даляраў. Калі чарговы крэдыт ухваляць, гэта будзе ўжо 4,5 мільярда даляраў менш як за год.

Больш, чым бюджэт Краснаярскага краю

Бюджэт Краснаярскага краю (адзін з самых вялікіх рэгіёнаў Расеі) на 2020 год — 3,5 мільярда даляраў. Тэрыторыя краю ў 11 разоў большая за тэрыторыю Беларусі.

Калі чарговы крэдыт Беларусі ўхваляць, то агульная сума 4,5 мільярда акажацца на 1 мільярд большаю, чым гадавы бюджэт расейскага рэгіёну, які па плошчы большы за Мэксыку.

Амаль траціна гадавых расходаў Расеі на адукацыю

12,3 мільярда даляраў Расея закладала ў бюджэт на адукацыю на 2020 год. Беларускія крэдыты — амаль траціна ад гэтай сумы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка пра санкцыі: ня дасьць грошай Захад, знойдзем у Расеі і Кітаі

У 115 разоў больш, чым на чыгунку ў Крыме

З 2014 году, пасьля акупацыі Крыму, Расея фінансуе чыгунку на гэтым паўвостраве. У 2020 годзе на чыгунку ў Крыме Расея выдаткавала 38,8 мільёна даляраў, або ў 115 разоў меней, чым крэдыт для Беларусі, калі Расея ўхваліць выдзяленьне яшчэ 3 мільярдаў даляраў.

Агулам, бюджэт Крыму на 2020 год — 3,1 мільярда даляраў. Што менш, чым крэдыты на 4,5 мільярда даляраў для Беларусі.

Палова Сочынскай алімпіяды

Перад алімпіядай у Сочы ў 2014 годзе Расея патраціла на будоўлю спартовых аб’ектаў, арганізацыю інфраструктуры і добраўпарадкаваньне Сочы 8,4 мільярда даляраў па сярэднегадавым курсе.

Крэдыты для Беларусі на 4,5 мільярда — больш як палова ад гэтай сумы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў заявіў пра гатоўнасьць Расеі разарваць стасункі з Эўразьвязам

У 1,7 раза больш, чым на барацьбу з анкалягічнымі хваробамі

На дзяржпраграму «Барацьба супраць анкалягічных хваробаў» зь бюджэту Расея выдзеліла ў 2020 годзе 2,6 мільярда даляраў.

Крэдытаў для Беларусі (калі Расея выдзеліць яшчэ 3 мільярды) будзе ў 1,7 раза больш.

На што хопіць новых 3 мільярдаў даляраў

Калі Расея ўсе ж выдзеліць Беларусі чарговыя 3 мільярды, то гэта толькі 13% ад агульнага дзяржаўнага доўгу Беларусі. Толькі даўгі Беларускага мэталюргічнага заводу складаюць 1,9 мільярда даляраў. 3 мільярдаў хопіць, каб пакрыць даўгі трох беларускіх заводаў, БМЗ, Гомсельмаша і МТЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БМЗ у мільярдных даўгах. А што на іншых заводах?

На тое, што ўмовы расейскага крэдыту, калі ён усё ж будзе, няясныя, зьвяртае ўвагу кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Гэта могуць быць грошы расейскіх банкаў, каб пашырыць сувязі расейскіх банкаў зь дзяржаўным сэктарам Беларусі і пасьля памяняць даўгі на актывы прадпрыемстваў. Залатаць дзіркі ў бюджэце ўсё адно не атрымаецца нават пры крэдыце ў 3 мільярды, бо няма канкурэнтаздольнасьці. Крыніцы фінансаваньня такой мадэлі эканомікі вычарпаныя», — лічыць Яраслаў Раманчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У канцы лютага Лукашэнка паедзе да Пуціна. Па грошы