Reuters: У Маскве і Вашынгтоне гавораць пра магчымы абмен вязьнямі

Пол Ўілан, Віктар Бут і Канстанцін Ярашэнка

Расейскі адвакат былога вайскоўца корпусу марской пяхоты ЗША Пола Ўілана паведаміў маскоўскаму карэспандэнту Reuters пра перамовы, якія вядуцца паміж Расеяй і ЗША пра магчымы абмен вязьнямі.

Па словах Уладзіміра Жарабенкава, перамовы ініцыяваў амэрыканскі бок пасьля прыходу да ўлады адміністрацыі Джо Байдэна.

Пола Ўілана затрымалі ў Маскве ў сьнежні 2018 году, абвінавацілі ў шпіянажы супраць Расеі і асудзілі на 16 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Уілан сваёй віны не прызнае. ЗША неаднаразова патрабавалі яго вызваленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве засудзілі грамадзяніна ЗША паводле абвінавачаньня ў шпіянажы. Ён прыехаў у Расею на вясельле

Па словах расейскага адваката, якія цытуе Reuters, перамовы могуць прывесьці ў наступныя два-тры месяцы да абмену зьняволенымі. Жарабенкаў ня ведае, ці закранаюць перамовы справу Трэвара Рыда, затрыманага ў ліпені мінулага году грамадзяніна ЗША. Ён быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўленьня волі «за напад на паліцыянта».

У Вашынгтоне называюць «тэатрам абсурду» працэс над Рыдам.

Адвакат Уладзімір Жарабенкаў расказаў, што ў Маскве абмяркоўваюцца магчымыя кандыдатуры асуджаных у ЗША расейскіх грамадзян, аб абмене якіх на Ўілана можна было б прасіць амэрыканскі бок. Адвакат згадаў гандляра зброяй Віктара Бута і Канстанціна Ярашэнку, асуджанага «за змову з мэтай кантрабанды какаіну», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Адвакат Аляксей Тарасаў, які прадстаўляе інтарэсы Віктара Бута і Канстанціна Ярашэнкі, сказаў ТАСС, што яму невядома пра перамовы Расеі і ЗША з нагоды іх магчымага абмену на Пола Ўілана, асуджанага ў Расеі за шпіянаж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША не гатовыя абмяняць Саўчанку на кантрабандыстаў Бута і Ярашэнку