У Польшчы пачынае працу інфармацыйная сетка Belarusam.pl для дапамогі тым, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь

Акцыя салідарнасьці беларусаў ва Ўроцлаве, 27 верасьня 2020

18 лютага 2021 году ў Польшчы запускаецца новая інфармацыйная сетка і пляцоўка збору сродкаў для беларусаў, якім з прычыны рэпрэсіяў давялося выехаць з краіны.

Ініцыятыву заснавалі прадстаўнікі кампаніі BY_Help, якія жывуць у Польшчы і бяруць актыўны ўдзел у кампаніях салідарнасьці і дапамогі суайчыньнікам: Аляксей Лявончык і Аляксандар Лапко. Пра гэта паведамляецца на фэйсбук-старонцы ініцыятывы.

У Назіральную раду ініцыятывы Belarusam.pl увайшлі беларусы, якія жывуць за мяжой: прадстаўнік Фонду BySOL Андрэй Стрыжак (Літва), прадстаўніца кампаніі BY_help Надзея Нортан (ЗША), прадстаўнік кампаніі Media Solidarity Belarus Алесь Чарняковіч (Гішпанія), мэдыяэкспэртка і журналістка Марыя Садоўская-Комлач (Чэхія / Нідэрлянды).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салідарнасьць-2020. 7 яскравых гісторый, якія ўмацуюць вашу веру ў беларусаў

Інфармацыйнымі партнэрамі ініцыятывы выступаюць кампаніі BY_help, Media Solidarity Belarus Campaign, Fundacja Linking Media, Беларускі Моладзевы Хаб у Варшаве, Fundacja «Białorusini w Łódzkim», фонд Free Press for Eastern Europe, Fundacja Humanosh.

Мэта новай ініцыятывы — дапамагчы тым, хто пераехаў у Польшчу, атрымаць своечасовую інфармацыю і падтрымку.

Найперш сетка будзе займацца дапамогай для ўразьлівых груп беларусаў — тых, хто апынуўся ў складанай матэрыяльнай або псыхалягічнай сытуацыі.