МЗС можа забараніць замежным дыпляматам хадзіць на судовыя працэсы, каб «ня ціснулі на суды»

Фасад Міністэрства замежных справаў Беларусі

Міністэрства замежных справаў скрытыкавала замежных дыпляматаў, якія наведваюць палітычныя судовыя працэсы ў Беларусі.

«Мы назіраем спробу ўкараненьня заходнімі краінамі новай практыкі — практыкі ўзьдзеяньня на суд праз дыпляматаў. Неабгрунтаваная прысутнасьць замежных дыпляматаў на адкрытых судовых пасяджэньнях па справах, якія ня тычацца іх грамадзян, зьяўляецца, па сутнасьці, спробай схаванага ўдзелу ў прыняцьці судовага рашэньня шляхам аказаньня ціску на суд. Пры гэтым, падкрэсьлю, такі ціск аказваецца не замежным грамадзянінам асабіста, а менавіта дыпляматам як афіцыйным прадстаўніком замежнай дзяржавы. Гэта значыць, гаворка ідзе пра дэ-факта ціск на суд з боку замежнай дзяржавы», — цытуе БелТА прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі адрэагаваў на заяву амбасадараў пра ператрусы 16 лютага: «Дыпляматы вырашылі прымерыць вобраз Прамэтэя»

У МЗС наведваньне дыпляматамі судовых працэсаў лічаць «злоўжываньнем дыпляматычным статусам». «Мы пакідаем за сабой права спыняць такія спробы з выкарыстаньнем усіх юрыдычных магчымасьцяў», — заявіў Глаз.

Заходнія дыпляматы прысутнічалі на нядаўнім судзе над Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай, а таксама на працэсе ў справе Віктара Бабарыкі. Глаз назваў такую практыку непрымальнай.