«Папярэдзілі пра перабоі зь ліставаньнем». Ігар Лосік за кратамі 247 дзён

Ігар Лосік

Палітвязень за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. Ніякіх навінаў пра завяршэньне сьледзтва няма.

26 лютага жонка палітвязьня і кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка Дар’я адвезла мужу чарговую перадачу ў сьледчую турму № 8 у Жодзіна. Як расказала Дар’я Свабодзе, амаль ніякіх навінаў ад мужа яна не мае. Час у камэры ён стараецца праводзіць за напісаньнем адказаў на лісты, якія атрымлівае з волі.

«Нічога цікавага ад Ігара няма, — гаворыць Дар’я. — Нават пра вошай не перадаваў нічога (некалькі тыдняў таму ў камэру да Ігара Лосіка зьмясьцілі хворага на пэдыкулёз, палітвязьню давялося змагацца з паразытамі даступнымі ў турме сродкамі — РС).

Ма́е 40 лістоў, на якія не пасьпеў адказаць яшчэ. На здароўе ня скардзіцца. Сьледчых дзеяньняў па-ранейшаму няма ніякіх. Яму сказалі толькі, што магчымыя перабоі зь ліставаньнем. Нейкая праблема з цэнзарамі ўзьнікла, папярэдзілі».

Дар’я Лосік кажа, што ліставаньне зь людзьмі для Ігара вельмі важны момант. Яму пішуць самыя розныя людзі з усёй краіны і з-за мяжы. Лісты звычайна прыходзяць хвалямі, калі зьяўляюцца гучныя навіны ад Ігара з-за кратаў. Калі ён галадаў, то мог атрымліваць нават па 100 лістоў за адзін раз.

«Ігар стараецца адказаць усім, хто яму напісаў, — гаворыць Дар’я. — Але ўжо як адказы даходзяць, гэта ад цэнзара залежыць. Адказы шмат часу займаюць. 40 неадказаных, гэта яшчэ няшмат. Неяк у Ігара было больш за 100 неадказаных лістоў. Ён стараецца расьцягваць іх па часе, каб было чым займацца. Лісты ідуць рэгулярна, Ігар цяпер ня скардзіцца, што лістоў няма».

Па словах Дар’і Лосік, яна таксама падпісала мужа на два дзясяткі выданьняў на сакавік. Усе газэты і часопісы ў сьледчую турму даходзяць без праблем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чаканьні Ігара. Як жыве жонка палітвязьня Дарʼя Лосік. ФОТА

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі двое новых палітвязьняў — агулам такіх ужо 251 чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ня падаць духам у чаканьні пераменаў? Парады дысыдэнта Міхася Кукабакі, які правёў у лягерах 17 гадоў