Міністар унутраных спраў Кубракоў паскардзіўся на пагрозы сям’і і надпісы ў пад’езьдзе

Іван Кубракоў, міністар унутраных спраў.

Іван Кубракоў заявіў пра цкаваньне з боку беларусаў.

У жніўні 2020 году яго сям’я, па яго словах, апынулася пад атакай грамадзтва. Тады Іван Кубракоў узначальваў менскую міліцыю, піша «СБ».

«Я і мая сям’я падвяргаліся ціску. Была спроба ўплыву на дзіця ў школе. Таксама пагражалі спаліць машыну, пісалі рознае ў пад’езьдзе, на паштовай скрыні, пакідалі запіскі і гэтак далей».

Па словах Кубракова, яго 12-гадовая дачка «перажывала, але не баялася». І ў жніўні ішла ў школу сама, хоць бацька прапаноўваў правесьці яе ў школу.

Раней пра цкаваньні і пагрозы заяўлялі міністар замежных спраў Уладзімер Макей са сваёй жонкай і шэраг міліцыянтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой бацька ваяваў не для таго, каб беларус біў беларуса». Паштальёнку судзяць за пашырэньне зьвестак пра міліцыянтаў

За напады на мірных пратэстоўцаў і іншыя дзеяньні, зьвязаныя зь іх сьмерцямі і катаваньнямі, на сілавікоў пасьля 9 жніўня не завялі ніводнай крымінальнай справы. Колькасьць асуджаных пратэстоўцаў на канец лютага складае каля 160 чалавек. Некалькіх чалавек асудзілі па крымінальных артыкулах за абразу Лукашэнкі і пагрозы сілавікам і іх сем’ям.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ два выракі за «абразу» Лукашэнкі: у сацсетках і на плоце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску мужчыну судзяць за пагрозу згвалціць жонку амапаўца. Падсудны заявіў, што скрыншот «ліпавы»