Ад «Звычайнага прэзыдэнта» да «Крымінальных матэрыялаў»: Гэтыя фільмы расказваюць пра Лукашэнку

Кадр з расейскага фільму «Крёстный батька–3», 2010 год

За 26 год кіраваньня Беларусьсю пра Аляксандра Лукашэнку зьнялі больш за дзясятак дакумэнтальных фільмаў. Прыгадваем самыя вядомыя.

На Youtube-канале Сьцяпана Пуцілы адбылася прэм’ера фільму «Лукашенко. Золотое дно». За 22 гадзіны пасьля выхаду фільм набраў звыш 1,6 мільёна праглядаў.

У фільме расказваюць пра шматлікія рэзыдэнцыі Лукашэнкі — як афіцыйныя, гэтак і «падораныя» блізкімі бізнэсоўцамі. Таксама ў фільме пералічаныя машыны, на якіх езьдзіць Лукашэнка, ганарары зорак, якіх ён запрашае на канцэрты. Прыгадваюць і бізнэсоўцаў, якія ў Беларусі маюць вельмі спрыяльныя ўмовы працы. Згадваем, а якія яшчэ фільмы зьнялі пра Лукашэнку і пра што там гаворка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што расказаў Сьцяпан Пуціла пра багацьце Лукашэнкі

1996 год. «Звычайны прэзыдэнт»

Фільм клясыка беларускай дакумэнталістыкі Юрыя Хашчавацкага, у якім расказваецца пра прыход Лукашэнкі да ўлады і першыя гады ягонага кіраваньня краінай. У фільме пра Лукашэнку расказваюць першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Фядута, які 6 месяцаў пасьля абраньня Лукашэнкі кіраваў Упраўленьнем грамадзка-палітычнай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта.

Адзін з асноўных сьпікераў стужкі — палітык Юры Захаранка, які пазьней зьнік бязь вестак, а вінаватых у ягоным зьнікненьні так і не знайшлі. Фільм атрымаў прэмію Сахарава і прыз Бэрлінскага кінафэстывалю. На рэжысэра Юрыя Хашчавацкага пасьля выхаду фільму напалі невядомыя і зьбілі.

2001 год. «Беларуская трагікамэдыя»

У 2001 годзе рэжысэр-дакумэнталіст, прафэсар Віктар Дашук распачаў цыкль дакумэнтальных фільмаў пра Лукашэнку і сучасную Беларусь. Агулам выйшла 10 фільмаў, якія расказваюць пра дзейнасьць беларускіх судоў, перасьлед апазыцыі і актывістаў. Найбольш вядомы з 10 фільмаў — «Женщина лёгкого поведения по имени Фемида» — расказвае пра палітычны крызіс 1996 году, а таксама пра прэзыдэнцкія выбары 2006-га, калі адзін з апанэнтаў Лукашэнкі Аляксандар Казулін трапіў за краты.

2006 год. «Урок беларускай мовы»

Карціна польскага рэжысэра Міраслава Дэмбінскага, якая расказвае пра маладых беларускіх актывістаў, закрыцьцё Коласаўскага ліцэю і выбары 2006 году. У фільме паказаны і пратэст пасьля выбараў — тады актывісты паставілі на Кастрычніцкай плошчы намётавы лягер, які пратрымаўся некалькі дзён.

Фільм атрымаў прызы на фэстывалях у Кракаве, Амстэрдаме і Празе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Уроку беларускай мовы» да фільму Nexta. Што забаранялі ў Беларусі пад маркай экстрэмізму

2007 год. «Плошча»

Дакумэнтальны фільм Юрыя Хашчавацкага пра падзеі да, падчас і пасьля выбараў 2006 году. Галоўная гераіня фільму — маладая актывістка, якая прыйшла пратэставаць пасьля выбараў на Кастрычніцкую плошчу, была актыўнай удзельніцай намётавага гарадку, а пасьля была арыштаваная і трапіла за краты.

Фільм расказвае пра рэпрэсіі ў дачыненьні да актывістаў і палітыкаў, пра парушэньні падчас выбараў і брутальныя дзеяньні сілавікоў падчас разгону Плошчы-2006.

2010 год. «Хросны бацька»

Пяцісэрыйная дакумэнтальная стужка расейскага тэлеканалу НТВ, якую пачалі паказваць зь ліпеня 2010 году, апошняя сэрыя выйшла ў чэрвені 2011-га. У фільме расказваецца пра няўдалую эканамічную мадэль, якую Лукашэнка збудаваў у Беларусі, згадваюцца зьнікненьні апанэнтаў Лукашэнкі: Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага.

Стужка зьявілася на расейскім тэлеканале ў пэрыяд абвастрэньня адносінаў Лукашэнкі з кіраўніцтвам Расеі і напярэдадні выбараў 2010 году.

2011 год. «Беларуская мара»

Дакумэнтальная стужка аўтарства журналісткі Кацярыны Кібальчыч расказвае пра падзеі выбараў 2010 году праз эмоцыі і пачуцьці жыхара Менску, ананімнага фатографа.

У фільме паказаныя выбары, парушэньні падчас галасаваньня і пратэсты пасьля закрыцьця ўчасткаў у Менску 19 жніўня 2010 году. Прыгадваюцца і падзеі лета 1994 году, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам.

2011 год. «Звычайныя выбары»

Працяг «Звычайнага прэзыдэнта» ад Юрыя Хашчавацкага. Рэжысэр у сваёй саркастычнай манеры расказвае пра выбары 2010 году і спрабуе зразумець, як зьмянілася Беларусь з 1996-га. У фільме шмат адсылак да першых гадоў кіраваньня Лукашэнкі. Дэманструюцца кадры і з часоў палітычнага крызісу 1996 году.

2015 год. «Банда»

Фільм рэжысэркі Раісы Міхайлоўскай расказвае пра зьнікненьне палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзьмітрыя Завадзкага і спрабуе адказаць на пытаньні, чаму праўды пра зьніклых людзей няма аж дагэтуль.

2017 год. «Вуліца Травеньская»

Фільм швайцарскага дакумэнталіста Габрыеля Цэхедора расказвае пра жыцьцё малога гарадку ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Галоўны герой фільму — малады хлопец Косьця, якія рыхтуецца галасаваць першы раз. У фільме паказаныя праблемы жыхароў малых паселішчаў — малыя даходы і адсутнасьць пэрспэктыў.

2019 год. «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы»

Кіно аўтарства Сьцяпана Пуцілы, якое выйшла ў трэнды youtube і за 5 дзён сабрала больш за 1 мільён праглядаў. У фільме пераказваюцца вядомыя факты пра Лукашэнку: ягоная сям’я, першыя выбары, плошча-2010, выбух у мэтро ў 2011 годзе.

Новых фактаў у фільме няшмат: стваральнікі сабралі ў адзін сюжэт тое, што было агучана нашмат раней. У Беларусі фільм прызналі экстрэмісцкім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму яшчэ нельга скакаць? Што такое «экстрэмісцкі матэрыял» у Беларусі — 10 прыкладаў

2021 год. «Кураж»

Фільм беларускага рэжысэра Аляксея Палуяна расказвае пра жыцьцё трох беларускіх актораў падчас падзеяў жніўня 2020 году ў Беларусі. У фільме паказаныя падзеі 9–11 жніўня і шматтысячныя дэманстрацыі ў Менску пасьля іх. Героі спрабуюць асэнсаваць, што дзеецца ў Беларусі. Прэмʼера адбылася на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі.