Беларусь выключылі з журы нацыянальнага швэдзкага адбору на «Эўравізію»

Стакгольм, у якім пройдзе Melodifestivalen

А песьню ад Беларусі пачалі правяраць на адпаведнасьць стандартам міжнароднага конкурсу.

Навіну пра ўдзел беларускіх экспэртаў у журы швэдзкага нацыянальнага адбору на міжнародны конкурс песьні «Эўравізія» — Melodifestivalen апублікаваў тэлеканал SVT, які і праводзіць конкурс. Аднак прызначэньне беларусаў у журы выклікала скандал, і канал зьмяніў рашэньне.

Месца Беларусі ў адной з васьмі групаў журы зойме Вялікая Брытанія.

«Тое, што мы выбралі Беларусь у склад міжнароднага журы, было памылковым рашэньнем. Сытуацыя са свабоднымі СМІ ў гэтай краіне надзвычай сур’ёзная. Таму мы вырашылі замяніць журы зь Беларусі на журы зь Вялікай Брытаніі», — сказала прадусар Melodifestivalen Карын Гунарсан.

Таксама ў журы швэдзкага адбору на «Эўравізію» будуць прадстаўнікі Альбаніі, Ізраілю, Ісьляндыі, Кіпру, Нідэрляндаў, Францыі і Швайцарыі.

Конкурс Melodifestivalen, пераможца якога адправіцца ад Швэцыі на «Эўравізію», адбываецца ад 6 лютага да 13 сакавіка на арэне Annexet у Стакгольме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі вяшчальны зьвяз ня хоча выключаць са свайго складу Белтэлерадыёкампанію: «Мы па-за палітыкай»

Ад Беларусі на прэстыжны міжнародны конкурс паедзе баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста», рэпэртуар якога складаецца зь песьняў, у якіх высьмейваюцца «жанчына з Прыбалтыкі», Павал Латушка, «флейтыстка», каранавірус і Эўразьвяз. У яго выкананьні гучалі таксама кавэры на «Муры» і «Купалінку» з каверканьнем беларускай мовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь на Эўравізіі прадставіць гурт, які сьпявае пра Латушку, «флейцістку» і каверкае беларускую мову

Эўрапейскі вяшчальны зьвяз (ЭВЗ) ужо атрымаў інфармацыю пра палітызаваныя тэксты гэтага калектыву. Правілы «Эўравізіі» забараняюць выкарыстаньне палітычнай тэматыкі ў музычных творах, таму ЭВЗ, па інфармацыі «Эўрарадыё», пачаў праверку песьні гурту «Галасы ЗМеста» на адпаведнасьць стандартам конкурсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапарлямэнце зьбіраюць подпісы за адхіленьне Беларусі ад «Эўравізіі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не ўяўляю, як Беларусь цяпер можа паехаць на „Эўравізію“». Naviband пра новую песьню і рэальную культуру ў падпольлі