МЗС Украіны назвала словы кіраўніка беларускага КДБ Тэртэля пра пастаўкі зброі «лухтой»

Алег Ніколенка (другі зьлева) са сьцягам крымскіх татар на акцыі ў іх падтрымку ў складзе ўкраінскай дэлегацыі ў ААН, 2018 год

Афіцыйны Кіеў заявіў, што гэта сыстэматычная дэзынфармацыя з боку беларускіх чыноўнікаў, якія запалохваюць народ уяўнай зьнешняй пагрозай.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Ніколенка пракамэнтаваў словы старшыні беларускага КДБ Івана Тэртэля пра тое, што з Украіны ў Беларусь нібыта пастаўляецца зброя для тэрактаў.

«Поўная лухта, якая не ўпершыню гучыць з вуснаў беларускіх чыноўнікаў. Мы катэгарычна адкідаем старую мантру пра „зброю з Украіны“. Улады Беларусі павінны нарэшце спыніць запалохваньне беларускага народу надуманым зьнешнім ворагам», — напісаў Ніколенка ў твітэры.

Раней Іван Тэртэль заявіў, што з Украіны ў Беларусь пастаўлялася зброя дзеля дэстабілізацыі сытуацыі, тэрарыстычных актаў супраць асобных ведамстваў і чыноўнікаў.

Новы віток «дэстабілізацыі» Тэртэль спрагназаваў у пэрыяд з 25 па 27 сакавіка. Украіна лічыць усе абвінавачаньні зь беларускага боку прыдуманымі. КДБ яна характарызуе як арганізацыю, якая знаходзіцца «пад кантролем рэжыму Лукашэнкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня КДБ заявіў пра рыхтаваньне спробы дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі 25–27 сакавіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Канфіскавалі арсэналы з тратылам і плястыдам», — Лукашэнка заявіў пра выяўленьне новай тэрарыстычнай групы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Украіны: беларускі інфарматар даў «цікавыя паказаньні» ў справе аб забойстве Шарамета