Праваабаронцам вядома 25 прозьвішчаў затрыманых у менскіх мікрараёнах Лебядзіны і Новая Баравая

Затрыманьні ў Новай Баравой, студзень 2021 году.

Праваабаронцы і валянтэры 10 сакавіка фіксавалі факты палітычнага перасьледу ў Беларусі: затрыманьні, ператрусы і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазыцыю і незадаволенасьць дзеяньнямі ўладаў.

Найбольш масавыя затрыманьні адбыліся ў менскіх мікрараёнах Лебядзіны і Новая Баравая, дзе да людзей прыходзілі ў кватэры або затрымлівалі на вуліцы.

Паводле тэлеграм-каналу валянтэраў «Списки задержанных», у Менску такім чынам затрымалі 25 чалавек.


Увечары 10 сакавіка некалькі тэлеграм-каналаў паведамілі, што ў Новай Баравой у сераду адбыліся аблавы ў дамах. Людзі ў масках узломвалі кватэры і забіралі людзей. Раніцай хапалі людзей на вуліцы Авіяцыйнай, а ўвечары на вуліцы Мікаяна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТГ-каналы паведамляюць пра аблавы ў Новай Баравой

«Паводле якога прынцыпу выбіраюць, складана сказаць. Як мяркуецца, прыходзяць да тых, у каго віселі сьцягі яшчэ ўвосень. Пры адмове адчыніць узломваюць дзьверы, тварам у падлогу. Плюс адміністрацыйны арышт за непадпарадкаваньне. Далей ператрус, тэхніку канфіскоўваюць. Што цікава прыходзяць, па сутнасьці, дзеці. Хутчэй за ўсё, ўчорашнія выпускнікі. Што, дарэчы, і відаць на фатаздымках», — напісаў чытач Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тратыл і плястыд, прарыў мяжы на джыпе і гранатамёты»: Чым пужалі ў розныя гады спэцслужбы