МУС заявіла, што затрымала кіраўніка чату Новай Баравой. Агулам там узялі каля 13 чалавек

Ілюстрацыйнае фота

34-гадовага жыхара Менскага раёну затрымаў ГУБАЗіК. Мужчына, па словах прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай, быў адміністратарам чату «Новая Боровая 98%». Жыхары раёну сьцьвярджаюць, што ён быў толькі яго ўдзельнікам.

Па словах Чамаданавай, мужчына «кіраваў закрытым паблікам раёну, у якім каля 300 карыстальнікаў, у тым ліку найбольш радыкальных актывістаў, якія арганізуюць пратэсты ў жылым комплексе».

Таксама яна заявіла, што «сьледчыя дадуць прававую ацэнку ў крымінальнай справе, пачатай за стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».

У кватэры затрыманага апэратыўнікі нібыта знайшлі пратэставую сымболіку і больш за 1,5 тысячы ўлётак з заклікамі; канфіскавалі яго мабільны тэлефон.

Аднак тэлеканал «Белсат» са спасылкай на сваіх гледачоў паведаміў, што ў чаце «Новая Боровая 98%» мужчына быў звычайным удзельнікам, а не мадэратарам, як кажа Чамаданава. Мадэраваў ён толькі невялічкі чат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 8 гадоў зьняволеньня прысудзілі гальшанцу за перапіску ў чаце

З 11 сакавіка ў раёне Новая Баравая затрымалі мінімум 11 чалавек. Жыхары паведамляюць, што пасля затрыманьняў у пад’ездах адключаюць відэаназіраньне. Прычым 16 сакавіка, як пішуць жыхары, адключэньне адбылося менавіта падчас затрыманьня ў адным з пад’ездаў, піша тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК выкрыў звыш 1000 дваровых чатаў. Адміністратарам найбольш «радыкальных» прыгразілі 10 гадамі турмы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На кожны пост адрэагаваць хоць смайлікам». Як мясцовыя ўлады «заваёўваюць» Telegram