Менскія камунальнікі і міліцыя адмовіліся заключаць дамовы з арганізатарамі Дня Волі

Леташняе сьвяткаваньне Дня Волі ў Горадні

Дамову з заяўнікамі афіцыйнага сьвяткаваньня падпісалі толькі мэдыкі, паведаміў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

25 Сакавіка Беларусь адзначыць 103-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Заяўку на сёлетняе адзначэньне Дня Волі ў Менску падалі Партыя БНФ, БСДП (Грамада) і Рух «За свабоду».

«У мінулую пятніцу, калі сыходзіў тэрмін адказу на заяўку, адзін з заяўнікаў Алясей Сігаеў размаўляў з Менскім гарвыканкам. Адказ быў ніякі: ні «так» ні «не». Афіцыйнага адказу чакаем ужо ў панядзелак»,— паведаміў Кастусёў.

Заяўку на сьвяткаваньне падпісалі старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, Юрась Губарэвіч ад Руху «За свабоду» і Аляксей Сігаеў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Паводле Кастусёва, Партыя БНФ узяла на сябе арганізацыйныя пытаньні, таму падала заяўкі на заключэньне дамоваў з камунальнікамі, міліцыяй Менску і хуткай дапамогай. Але толькі мэдыкі заключылі дамову, міліцыя і камунальныя службы адмовіліся.

Заяўку на правядзеньне дня волі тры зарэгістраваныя палітычныя партыі і рухі падалі ў пачатку сакавіка, каб пасьпець атрымаць адказ дзяржаўных органаў паводле закону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заклікаў 25 сакавіка выходзіць на вуліцы па ўсёй краіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Янка Купала — пра геапалітыку, рэпрэсіі, мову і аптымізм. (Не)прыдуманае інтэрвію пісьменьніка Свабодзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У інтэрнэце стварылі пэтыцыю з патрабаваньнем да ўладаў задаволіць заяўку на сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску