У Полацку затрымалі студэнтку ПДУ, яе падазраюць у абразе прадстаўніка ўлады

Аляксандра Бука

У Полацку 26 сакавіка затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар 21-гадовую студэнтку гуманітарнага факультэту ПДУ Аляксандру Буку. Яе падазраюць у абразе прадстаўніка ўлады. Пра гэта парталу Tut.by паведаміла маці студэнткі Юлія Бука.

У інтэрнацкім пакоі Аляскандры правялі ператрус.

У кастрычніку яна разам зь іншымі студэнтамі ПДУ выступалі ў відэазвароце супраць беззаконьня і гвалту ў Беларусі.

У сакавіку Аляксандра і яшчэ трое студэнтаў ПДУ на знак салідарнасьці з палітвязьнямі пагалілі галовы.

Маці Аляксандры, Юлія Бука, — прадпрымальніца, гаспадыня аграсядзібы «Родны кут» у вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гаспадыня Валодзькава. У Глыбоцкім раёне прадпрымальніца скупіла трэць вёскі пад аграсядзібы

Жанчына размаўляе па-беларуску, беларускамоўным турыстам на ейнай сядзібе даюць зьніжкі. Любоў да нацыянальнай культуры, гісторыі і мове Юлія перадала і сваім траім дзецям. Аляксандра — малодшая зь іх.

У 2010-м Свабода пісала, як пяціклясьніца Аляксандра Бука адмовілася ад навучаньня ў Глыбоцкай гімназіі, якая нечакана стала расейскамоўнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алеся Бука пайшла вучыцца па-беларуску, але не туды, куды хацела