Прэзыдэнт Літвы: Пуціна можна назваць забойцам

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

«На жаль, так», — адказаў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на пытаньне агенцтва BNS, ці мог бы ён сьледам за прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам назваць кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна забойцам.

Паводле літоўскага прэзыдэнта, Расея ня лічыцца з тэрытарыяльнай цэласнасьцю суседніх краін, такіх як Украіна. «Я бачу мноства прыкмет, якія дэманструюць відавочнае наплявальніцтва, назавем гэта так, у адносінах да каштоўнасьцяў цывілізаванага сьвету, ігнараваньне права нацый на самавызначэньне, ігнараваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці суседзяў, што Крэмль апошнім часам робіць досыць дэманстратыўна», — цытуе Наўседу партал Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя імёны чыноўнікаў з новага пакету санкцый Літвы, Латвіі і Эстоніі. Сярод іх Аліна Касьянчык

Літоўскі прэзыдэнт таксама згадаў сытуацыю ўнутры Расеі. Паводле яго, расейскі рэжым «відавочна ўздрыгвае» ад усё мацнейшай апазыцыі і спрабуе яе здушыць, «самым грубым чынам» перасьледуе лідэраў апазыцыі, такіх як Аляксей Навальны.

«І далей гаварыць, уцягнуўшы галаву ў плечы, што, ведаеце, мы шукаем, як уключыцца ў адносіны з Расеяй, што я часам чую ад сваіх калег у Эўразьвязе, — гэта трэба і эмацыйна, і тэрытарыяльна быць вельмі далёкімі ад таго, што называецца Расеяй, каб гаварыць такое», — адзначыў Наўседа. Ён заявіў, што Літва дакладна ня будзе той краінай, якая «будзе абыякава сядзець на задняй лаўцы» і заплюшчваць вочы, бачачы грубыя парушэньні правоў чалавека побач з сабой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн станоўча адказаў на пытаньне, ці лічыць ён Пуціна «забойцам»