Шыльду на лацінцы і ў бел-чырвона-белай расфарбоўцы прыраўнялі да адзіночнага пікету

Ілюстрацыйнае фота

Суд Іванаўскага раёну вынес рашэньне па адміністратыўнай справе Андрэя Дражына. Яго затрымалі 26 сакавіка, пасьля таго як мясцовая міліцыя прыехала да яго з прычыны бел-чырвона-белай шыльды з назвай вуліцы і таблічкі з нумарам дома.

Як паведамляе TUT.BY, сын затрыманага, Мікіта Дражын, прадаставіў рэдакцыі TUT.BY фота рашэньня суду, якое было вынесена 30 сакавіка. У дзеяньнях Андрэя Дражына ўгледзелі прыкметы парушэньня парадку правядзеньня ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў, г.зн. ч. 1 арт. 24.23 КаАП, і аштрафавалі на 40 базавых велічыняў (1160 рублёў).

У пастанове суду запісана: «Бел-чырвона-белы сьцяг у форме трафарэтных таблічкі, памерам 0,75 × 0,35 мэтра, таблічку з указаньнем нумара дому ў форме знака „Пагоня“ — захоўваць з матэрыяламі справы».

Мікіта Дражын сказаў, што супрацоўнікі міліцыі агледзелі дом, хлеў, гараж і лазьню: памяшканьні правяралі «на выяўленьне „забароненай сымболікі“».

— Пасьля гэтага каля гадзіны супрацоўнікі міліцыі запаўнялі нейкія паперы. А потым — зьняцьце і канфіскацыя дзьвюх шыльдаў. Са слоў міліцыі, бел-чырвона-белыя шыльды з назвай вуліцы на лацінцы і нумарам дома прыраўноўваюцца да адзінкавага пікетаваньня, — тлумачыў Мікіта.

Да суду Андрэй Дражын трое сутак правёў у ізалятары мясцовага РАУС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да чаго прывядзе вайна Лукашэнкі са сьцягам