СМІ: ЗША прывялі войскі ў Эўропе ў поўную гатоўнасьць у сувязі з аднаўленьнем баёў на Данбасе

Амэрыканскія і ўкраінскія вайскоўцы падчас сумесных вучэньняў ва Ўкраіне. Архіўнае фота

Эўрапейскае камандаваньне ЗША павысіла статус баявой гатоўнасьці да самага высокага ўзроўню пасьля аднаўленьня баёў паміж прарасейскімі сэпаратыстамі і ўкраінскімі вайскоўцамі ў Данецкай вобласьці Ўкраіны.

Пра гэта паведамляе выданьне Politico, спасылаючыся на вайсковыя афіцыйныя крыніцы.

Як адзначае выданьне, толькі за 1 сакавіка зьнішчальнікі NATO 10 разоў падымаліся ў паветра ў адказ на незвычайна вялікую колькасьць палётаў расейскіх зьнішчальнікаў і бамбавікоў паблізу паветранай прасторы альянсу.

Адказны за абарону ЗША генэрал Глен ВанГерк адзначыў усплёск расейскай агрэсіі і памкненьне Масквы «аднавіць свой уплыў на сусьветнай арэне».

Тым часам міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў украінскаму міністру абароны Андрэю Тарану ў тэлефоннай размове, што ЗША гатовыя падтрымаць Украіну ў выпадку эскаляцыі расейскай агрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блінкен: ЗША занепакоеныя «агрэсіяй» Расеі ў Данбасе і Крыме

«Лойд Остын выказаў занепакоенасьць нядаўнімі дзеяньнямі Расейскай Фэдэрацыі і запэўніў міністра абароны Украіны ў гатоўнасьці падтрымаць Украіну ў кантэксьце працягу агрэсіі Расеі на Данбасе і ў Крыме. Міністар абароны ЗША падкрэсьліў, што ў выпадку эскаляцыі расейскай агрэсіі ЗША не пакінуць Украіну адну і не дазволяць рэалізаваць агрэсіўныя памкненьні Расейскай Фэдэрацыі ў адносінах да Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні ўкраінскага Міністэрства абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады РФ, перакінуўшы войскі да мяжы з Украінай, заявілі аб рызыцы вайны