Незалежныя прафсаюзы просяць МАП экстрана адрэагаваць на абмежаваньне права на страйк у Беларусі

Заклік да страйку, архіўнае фота

Выканаўчы камітэт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) 12 красавіка выступіў з заявай, у якой асудзіў прыняцьце ўхваленьне Палатай прадстаўнікоў паправак, якія абмяжоўваюць права на правядзеньне страйкаў.

2 красавіка дэпутаты прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмяненьні законаў», які тычыцца пытаньняў працоўных адносінаў. Дакумэнт прадугледжвае карэкціроўку Грамадзянска-працэсуальнага і Працоўнага кодэксаў, а таксама закону «Аб прамысловай бясьпецы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмены ў Працоўны кодэкс: змогуць звальняць за арышты, заклікі да страйку і распаўсюд пэрсанальных зьвестак

Працоўны кодэкс прапануецца дапоўніць новымі падставамі скасаваньня працоўнай дамовы, мерай дысцыплінарнай адказнасьці і падставай для адхіленьня ад працы, нормамі аб забароне на вылучэньне пры правядзеньні страйку палітычных патрабаваньняў. Закон «Аб прамысловай бясьпецы» прапануецца дапоўніць абмежаваннем на ўдзел у страйках для работнікаў небясьпечных вытворчых аб’ектаў.

У БКДП лічаць, што пад пагрозай крымінальнага перасьледу ўводзіцца па сутнасьці забарона на правядзеньне страйкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У нядзелю сілавікі затрымалі мінімум 4 чалавекі, сярод іх страйкамавец зь «Беларуськалію»

«Папраўкі ня толькі пазбаўляюць работнікаў аднаго зь дзейсных інструмэнтаў адстойваньня сваіх грамадзянскіх і працоўных правоў, але і груба парушаюць Канстытуцыю і ратыфікаваную Беларусьсю канвэнцыю № 87 Міжнароднай арганізацыі працы „Аб свабодзе асацыяцый“, якія гарантуюць ім права на страйк, — гаворыцца ў заяве. — Унясеньне Саўмінам і прыняцьце дэпутатамі паправак у заканадаўства, якое рэгулюе працоўныя адносіны без папярэдняга ўзгадненьня з наймальнікамі і прафсаюзамі, па сутнасьці ператвораны ў фікцыю дыялёгу».

Сябры выканкаму БКДП патрабуюць ад ураду неадкладна адклікаць законапраект, а ад Палаты прадстаўнікоў — адмяніць прынятае 2 красавіка рашэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 2 тысячы за 5 гадоў толькі на адным заводзе. Як скарачаецца колькасьць супрацоўнікаў заводаў

Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў накіраваў генэральнаму дырэктару Міжнароднай арганізацыі працы запыт на ініцыяваньне працэдуры, якая ўжываецца ў надзвычайных абставінах і патрабуе экстранай рэакцыі на сытуацыю з правамі працоўных у Беларусі.

Тым часам на плятформе Petitions.by
зьявілася пэтыцыя адносна магчымай дыскрымінацыі работнікаў, якія адбываюць адміністрацыйныя пакараньні, калі гэты законапраект набудзе сілу. Пад ёй ужо падпісаліся амаль 2500 чалавек.