Што ва Ўкраіне думаюць пра «пераварот» у Беларусі і пагрозу ўзброеных правакацый на мяжы

На пад'езьдзе да памежнага пераходу з Украінай

Украінскія экспэрты перакананы, што заявы Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі і КДБ Беларусі аб раскрыцьці спробы «дзяржаўнага перавароту» сьведчаць аб павелічэньні залежнасьці Аляксандра Лукашэнкі ад Расеі і пагрозах узброеных правакацыяў на мяжы з Украінай.

Галоўная мэта — мацней прывязаць да Расеі

Палітоляг, кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу «Пента» Ўладзмір Фясенка мяркуе, што ў цяперашняй сытуацыі, калі Аляксандар Лукашэнка стаў больш залежным ад Расеі, можа павялічыцца пагроза вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны празь беларускую тэрыторыю.

Уладзімір Фясенка

«Такія рызыкі існавалі і раней. Я магу сказаць нават больш, бо чуў ад некалькіх колішніх дыпляматаў такую інфармацыю, што Расея разглядала такі варыянт і нават зандавала такі сцэнар празь беларускае кіраўніцтва ў 2014-2015 гадах, калі была актыўная фаза вайны. Потым былі ж вялікія вучэньні, таму такія рызыкі былі і раней. І цяпер застаюцца. Яны павялічацца тады, калі мы пабачым канцэнтрацыю расейскіх войскаў у Беларусі каля ўкраінскіх межаў», — сказаў Свабодзе Ўладзімір Фясенка.

Палітоляг перакананы, што ўдзел ФСБ Расеі ў раскрыцьці нібыта «дзяржаўнага перавароту» зьяўляецца жаданьнем мацней правязаць Аляксандра Лукашэнку да Расеі.

Лукашэнка і расейскі прэм'ер Мішусьцін у Менску 16 красавіка

«Хутчэй за ўсё, расейскі бок палохае Лукашэнку, грае на ягоных фобіях і спрабуе на яго псыхалягічна паўплываць, каб яго яшчэ больш запалохаць, увесьці яго ў нэрвовы стан, каб ён зразумеў, што ў яго няма іншага выйсьця, чым поўнасьцю „легчы“ пад Расеі. Інакш усё закончыцца кепска для яго. „Падступныя заходнія спэцслужбы“ яго проста прыбяруць. Вось у чым пераконваюць Лукашэнку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ: Фігурантам справы аб дзяржперавароце пагражае да 12 гадоў турмы

Уладзімір Фясенка таксама не выключае, што яшчэ адной мэтай гэтай «спэцапэрацыі» Расеі зьяўляецца спроба канчаткова разарваць усе магчымыя кантакты прадстаўнікоў беларускай улады з Эўрапейскім зьвязам і ЗША.

«Расейцы пішуць, што Лукашэнка спрабаваў аднавіць такую схаваную гульню ў аднаўленьне дыялёгу з Захадам, каб трохі зьмякчыць санкцыі і каб Захад зьмірыўся з тым, што Лукашэнка застаецца пры ўладзе, і ён тады зноў змог бы гуляць на супярэчнасьцях між Захадам і Расеяй. Такая традыцыйная для яго палітыка. Расейцы пра гэта ведаюць, і для таго, каб цалкам нэўтралізаваць нават такія прывідныя спробы ці фантомныя ўяўленьні пра спробы Лукашэнкі знайсьці нейкае паразуменьне з Захадам і аднавіць кантакты, каб цалкам абарваць усе сувязі з Захадам, патрэбна была гэтая гісторыя з гэтым „пераваротам“. Таму што псыхалягічна, эмацыйна, мяркуючы па заявах Лукашэнкі, гэта на яго паўплывала. Яны такім чынам цалкам абсякаюць тое, што засталося ў кантактах з Захадам, а з другога боку, яшчэ мацней яго прывязваюць, робяць залежным ад Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мішусьцін прыехаў дзеля «прымушэньня да інтэграцыі»

«Беларусь патрэбна Расеі фармальна незалежнай»

Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014–2015 гадах Віктар Ягун зьвяртае ўвагу на тое, што Расея не разглядае шэраг постсавецкіх краін, у тым ліку Беларусь і Ўкраіну, у сваёй стратэгіі вонкавай выведкі.

Віктор Ягун, генерал-майор, заступник голови СБУ із березня 2014-го по червень 2015 року

«Таму ўсе спэцыяльныя апэрацыі ажыцьцяўляе Фэдэральная служба бясьпекі. У Беларусі ёсьць цэлае ўпраўленьне ФСБ, якое, вядома ж, працуе ў інтарэсах Расеі, гэта 36 чалавек, такая група афіцэраў ФСБ, якія там аўтаномна працуюць і пра іх усе ведаюць. І яны цяпер вырашылі чарговы раз паставіць Лукашэнку на месца, запалохаўшы і цалкам узяўшы яго ў сваю парадыгму. Яны знарок прадумалі гэтую спэцапэрацыю, самі справакавалі гэтых людзей, якія нічога надзвычайнага ня кажуць. Гэта з разраду балбатні на кухні. Сур’ёзных намераў там няма», — сказаў Віктар Ягун.

Паводле яго, запалохваньне Лукашэнкі магчымай стратай пасады і пагрозамі ягонаму жыцьцю і жыцьцю ягоных дзяцей дазваляе Расеі ўзяць яго цалкам пад свой кантроль.

«Яны яго цалкам акучваюць, бяруць пад свой кантроль з пэрспэктывай, што будуць усё ж прынятыя нейкія зьмены ў Канстытуцыю і ён будзе заменены на больш ляяльную і кіраваную асобу», — мяркуе экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША адказалі на абвінавачаньні ў датычнасьці да «спробы замаху» на Лукашэнку

«Найбольш цікава, што ніхто ня ставіць за мэту цалкам ліквідаваць незалежнасьць Беларусі. Таму што, ліквідуючы незалежнасьць Беларусі, Расея страціць у міжнародных арганізацыях адзін голас. Гэта тая ж самая гісторыя, калі Савецкі Саюз выкарыстоўваў у ААН галасы УССР і БССР для падтрыманьня сваіх ініцыятыў, і такім чынам СССР меў адразу тры галасы. Такая ж сытуацыя і тут. Ім патрэбна кіраваная асоба на пасадзе прэзыдэнта, каб цалкам узяць пад кантроль дзяржаву, але намінальна. І наступнае — уцягнуць Узброеныя сілы Беларусі ў правакацыі супраць яе суседзяў і такім чынам канчаткова прывязаць Беларусь у парадыгму так званага „русского мира“, якую будуе Расея», — перакананы Віктар Ягун.

Паводле яго, павялічваецца і пагроза выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі для расейскай агрэсіі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча назвала хлусьнёй заяву ФСБ Расеі аб рыхтаваным замаху на Лукашэнку

«Паглядзіце, нават у гэтай абсурднай сытуацыі зьявіліся нейкія ўкраінскія нацыяналісты, якія зьбіраюцца там некага захопліваць і ўдзельнічаць у нейкіх сілавых акцыях. Гэта яўны сьлед Расеі, а па другое, — уся ж апэрацыя была праведзеная на тэрыторыі Расеі і сіламі ФСБ, а потым праінфармавалі Лукашэнку, што яны яго ўратавалі. Я не выключаю ажыцьцяўленьня нейкай узброенай правакацыі на мяжы Беларусі і Ўкраіны, і такім чынам фактычна адбудзецца ўцягваньне беларускіх сіл (ня мае значэньне — узброеных, памежных ці сілавых) у прамое баявое сутыкненьне з Украінай».

«Шлях на сілавое ўтрыманьне ўлады»

Украінскі вайсковец Андрэй Цецярук, які ў свой час служыў у міратворчай місіі ў Косава і ваяваў на Данбасе, а потым працаваў дэпутатам Вярхоўнай Рады, мяркуе, што ўся гісторыя зь «дзяржаўным пераваротам» і ўдзелам у ім «украінскіх нацыяналістаў» прыдуманая для таго, каб апраўдаць усе незаконныя дзеяньні і Расеі, і Беларусі.

«Няма ніводнага адсотку праўды ў тым, каб украінцы бралі ўдзел у якім-небудзь дзяржаўным перавароце. Наадварот, мы выказвалі падтрымку беларускаму народу, каб яны працягвалі барацьбу супраць пакалечанага уладай чалавека, якім ёсьць Лукашэнка. Ён відавочна ўзурпаваў уладу і спрабуе любым чынам, у тым ліку і незаконным сілавым спосабам, утрымаць яе. Таму яны цяпер шукаюць усім гэтым свавольным дзеяньням апраўданьні, што вакол іх існуюць ворагі», — сказаў Андрэй Цецярук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго варта чакаць ад анансаванага дэкрэту Лукашэнкі?

Вайсковец таксама лічыць, што супольныя заявы ФСБ Расеі і КДБ Беларусі аб нібыта дзяржаўным перавароце і пагрозе фізычнага зьнішчэньня Лукашэнкі, сьведчыць аб павелічэньні залежнасьці Аляксандра Лукашэнкі «ад волі Крамля і асабіста Пуціна».

«Па-другое, гэта сьведчыць пра нарошчваньне расейскай прапаганды супраць Украіны і працяг сумнавядомай рыторыкі пра расьпятае дзіця — гэта усё дэгуманізацыя ворага, якім яны прадстаўляюць украінцаў для сваіх грамадзян».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра дзяржаўны пераварот і дзяцей у склепе. Нестыкоўкі ў афіцыйных вэрсіях

«І, па-трэцяе, яны такім чынам рыхтуюць сваіх беларускіх і расейскіх выбарнікаў да таго, што яны будуць у пэўным сэнсе страчваць свае (выбарчыя) правы, бо Пуцін і Лукашэнка зацікаўленыя ў сілавым утрыманьні ўлады насуперак тым працэсам, якія будуць адбывацца як унутры, так і звонку іх краін. Таму яны знайшлі вонкавых ворагаў, у тым ліку Украіну, і цяпер фармуюць вобраз ворага ў інфармацыйнай прасторы. Гэта для нас, вядома, небясьпека. І, безумоўна, украінская ўлада мусіць супрацьдзейнічаць такім брудным інфармацыйным тэхналёгіям», — перакананы Андрэй Цецярук.

  • 17 красавіка Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы асобаў, якая нібыта плянавала замах на яго і ягоных дзяцей, і зьвязаў яе са спэцслужбамі ЗША. Гаворка ідзе пра затрыманых у Маскве палітоляга і паліттэхноляга Аляксандра Фядуту і амэрыканскага адваката беларускага паходжаньня Юрыя Зянковіча, а таксама старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога затрымалі ў Шклове.
  • Фэдэральная служба бясьпекі Расеі выступіла з заявай, у якой сьцьвердзіла, што дапамагла прадухіліць вайсковы пераварот у Беларусі. Ён нібыта плянаваўся на 9 траўня, хаця сёлета парад на дзяржаўнае сьвята Дзень Перамогі не заплянаваны.
  • Расейскае ведамства таксама заявіла, што замах на жыцьцё Лукашэнкі і ягоных дзяцей рыхтаваўся пры ўдзеле беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістаў і з кансультацыямі ЗША і Польшчы.