Павал Латушка на сустрэчах у МЗС Францыі прапанаваў правесьці міжнародную канфэрэнцыю па Беларусі

  • БелаПАН

Павал Латушка

Прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Францыі яшчэ раз заявілі пра падтрымку чацьвёртага пакету санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і падкрэсьлілі, што ў чатыры разы павялічылі дапамогу рэпрэсаваным студэнтам і журналістам.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, які раней быў паслом Беларусі ў Францыі, правёў шэраг сустрэч у францускім Міністэрстве замежных спраў і абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі, піша БелаПАН.

Намесьнік палітычнага дырэктара МЗС Францыі Алексіс Ламэк на сустрэчы адзначыў, што вырашэньне крызісу ў Беларусі ў прыярытэце зьнешняй палітыкі Францыі.

«Афіцыйная пазыцыя Парыжу ранейшая: Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Нелегітымнасьць рэжыму — гэта пазыцыя як Францыі, так і Эўрапейскага зьвязу ў цэлым. Парыж падтрымлівае прапанову аб увядзеньні чацьвёртага пакету санкцый з-за таго, што рэжым не спыняе рэпрэсій супраць мірных грамадзян», — гаворыцца ў паведамленьні, якое працытаваў тэлеграм-канал Латушкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе пацьвердзілі, што рыхтуюць чацьвёрты пакет санкцый у дачыненьні да ўладаў Беларусі

На сустрэчах адзначылі, што французы ў чатыры разы павялічылі дапамогу рэпрэсаваным студэнтам і журналістам, а Францыя заўсёды будзе выступаць у падтрымку сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.

Таксама Латушка сустрэўся з дырэктарам эўрапейскага дэпартамэнту МЗС Францыі Фрэдэрыкам Мандаліні. На сустрэчы абмяркоўвалі мэханізмы пастаяннага абмену інфармацыяй аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, беларускай грамадзянскай супольнасьцю і афіцыйным Парыжам. Латушка прапанаваў вывучыць магчымасьць правядзеньня міжнароднай канфэрэнцыі па Беларусі.

Таксама адбылася сустрэча з дарадцай прэзыдэнта Францыі Ізабэль Дзюмон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі тры новыя палітвязьні. Агулам на 20 красавіка іх ужо 357

2 красавіка беларускі КДБ уключыў Паўла Латушку ў пералік асоб, якія «маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», на падставе абвінавачаньня па ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу (Акт тэрарызму), якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў або пажыцьцёвага зьняволеньня, альбо сьмяротнага пакараньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская з пасламі ЗША, Літвы і Польшчы ўсклала кветкі да помніка ахвярам Чарнобыля ў Вільні і наведала Базылянскія муры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет Рэспублікі прагаласаваў за «рэпрэсіўныя» законапраекты менш як праз тыдзень пасьля іх ухваленьня Палатай прадстаўнікоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заклікаў Ціханоўскую ўступіць на пасаду прэзыдэнта, каб не дапусьціць здачы Лукашэнкам сувэрэнітэту. ВІДЭА