Ярмошына: Канстытуцыйны рэфэрэндум плянуецца ў студзені-лютым 2022 году

Лідзія Ярмошына, 10 жніўня 2021

Рэфэрэндум аб папраўках у Канстытуцыю плянуецца на студзень-люты 2022 году, заявіла кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына агенцтву «РИА Новости». Яна дадала, што правядзеньне рэфэрэндуму сёлета ў канцы лета ці пачатку восені не абмяркоўваецца.

«Рэфэрэндум пройдзе ў тыя тэрміны, якія абазначыў прэзыдэнт на Ўсебеларускім сходзе, у студзені-лютым наступнага году. Па сутнасьці, калі гаварыць пра студзень і пра сумяшчэньне зь мясцовымі выбарамі, то тут іншай даты, апроч крайняй, няма, а крайняя дата — 16 студзеня», — сказала Ярмошына.

Надоечы ў інтэрнэце зьявіўся пераказ гутаркі на асабістым прыёме ў Лідзіі Ярмошынай грамадзкага дзеяча зь Сьветлагорску Аляксандра Скурчаева. Ярмошына нібыта сказала яму, што рэфэрэндум пройдзе паводле цяперашняга выбарчага заканадаўства, а мясцовыя выбары — ужо паводле новага. З чаго Скурчаеў зрабіў выснову, што рэфэрэндум адбудзецца ў канцы лета ці на пачатку восені.

Лідзія Ярмошына ў адказ на гэтую інтэрпрэтацыю заявіла, што пра гэтыя тэрміны «размовы няма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйная рэформа ці канстытуцыйная пастка? У часткі беларусаў могуць забраць права галасаваць

На 6-м «усебеларускім народным сходзе» 11 лютага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што трэці варыянт праекту Канстытуцыі будзе гатовы да канца году і ў пачатку 2022-га вынесены на рэфэрэндум.

«Прыняўшы новы Асноўны закон, нам давядзецца перарабіць шмат якія іншыя законы, зьмяніць заканадаўства — цягам ужо наступнага году. І тады пытаньне, калі ён (Лукашэнка) сыдзе, вырашыцца. Пры тым, што 60% апытаных катэгарычна заявілі, што яны супраць зьменаў... Вы ж разумееце, які сцэнар нам быў падрыхтаваны? Каб хтосьці з пратэстуноў дарваўся да ўлады, ужо праз суткі тут былі б замежныя войскі. Таму ёсьць неабходнасьць распрацаваць новы праект Канстытуцыі і прыняць яе на рэфэрэндуме», — сказаў тады Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка сапраўды паверыў у мітычную змову». Валер Карбалевіч — пра антыканстытуцыйную дывэрсію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад рэфэрэндуму да дармаедаў. Якія лёсавызначальныя ўказы і дэкрэты раней прымаў Лукашэнка і да чаго гэта прывяло