Зьняволеных беларускіх праваабаронцаў і валянтэраў «Вясны» ўганаравалі чэскай прэміяй Homo Homini

Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца.

«Чэская грамадзкая арганізацыя „Чалавек у бядзе“ (People in Need) узнагародзіць прэміяй Homo Homini чатырох сябраў беларускай праваабарончай арганізацыі „Вясна“, якія зазнала перасьлед за адсочваньне затрыманых пратэстоўцаў, дакумэнтаваньне парушэньняў правоў чалавека і аказаньне дапамогі ахвярам міліцэйскага гвалту. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі за законную праваабарончую дзейнасьць», — паведамляецца на старонцы арганізацыі ў фэйсбуку.

Прэмія «Чалавек чалавеку» (Homo Homini) — прэмія ў галіне правоў чалавека, заснаваная ў 1994 годзе чэскай няўрадавай арганізацыяй «Чалавек у бядзе». Прысуджаецца асобам, якая ўнесла «значны ўклад у прасоўваньне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных мэтадаў вырашэньня грамадзка-палітычных канфліктаў». Уручаецца падчас штогадовага кінафэстывалю дакумэнтальных фільмаў аб правах чалавека «Адзін сьвет».

Уручэньне прэміі «Чалавек чалавеку» Алесю Бяляцкаму. Уручае Вацлаў Гавэл. 2006 год.

За час свайго існаваньня прэмія была ўручаная двум дзясяткам праваабаронцаў і дысыдэнтаў з розных краінаў сьвету. У 2005 годзе ёю ўганаравалі беларускага праваабаронца, старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Прэмію тады ўручаў вядомы грамадзкі дзеяч і палітык Вацлаў Гавэл.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі: «Сталінская рэакцыя правіць баль. Але беларускае грамадзтва гатовае ахвяравацца за каштоўнасьці»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры палова палітычных». Пра што піша з турмы праваабаронца Марфа Рабкова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Леанід Судаленка з турмы: «Праходжу курсы падвышэньня кваліфікацыі праваабаронцы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня хочам, каб Беларусь ператварылася ў ГУЛАГ». Алеся Бяляцкага і «Вясну» ўзнагародзілі прэміяй «За годны лад жыцьця»