З нагоды Сусьветнага дня свабоды прэсы прэзыдэнт РСЭ/РС Джэймі Флай нагадаў пра беларускіх журналістаў

Прэзыдэнт РСЭ/РС Джэймі Флай

Свабода СМІ ў 23 краінах, у якіх працуе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, застаецца пад моцным ціскам, што прадэманстравана дзеяньнямі ўладаў супраць журналістаў і іх працы.

Прэзыдэнт РСЭ/РС Джэймі Флай выступіў з заявай з нагоды Сусьветнага дня свабоды прэсы, у якой, сярод іншага, сказаў:

«У Расеі, Беларусі, Аўганістане і многіх іншых краінах нашага рэгіёну журналісты РСЭ/РС і іх калегі зь іншых мэдыйных арганізацыяў усё часьцей зазнаюць напады. Сусьветны дзень свабоды прэсы дае нагоду падзякаваць адважным мужчынам і жанчынам, якія сваёй журналісцкай працай выкрываюць несправядлівасьць, нагадваюць лідэрам пра іх адказнасьць і інфармуюць сваіх суграмадзянаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода заклікаў вызваліць Ігара Лосіка і спыніць перасьлед журналістаў

21 красавіка кансультант РСЭ/РС у сацыяльных сетках Ігар Лосік адзначыў свой 300-ы дзень у СІЗА ў Беларусі. Затрыманы 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу ў кватэры ў беларускім горадзе Баранавічы, Лосік быў абвінавачаны ўладамі ў выкарыстаньні яго папулярнага блогу ў Telegram для „падрыхтоўкі да парушэньня грамадзкага парадку“ напярэдадні спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня ў Беларусі... З таго часу ўлады дадалі невядомыя дадатковыя абвінавачаньні супраць Лосіка, які трымаў дзьве галадоўкі на знак пратэсту супраць свайго затрыманьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Радыё Свабода заклікаў Лукашэнку вызваліць Ігара Лосіка

Апроч Лосіка, шмат іншых журналістаў Радыё Свабода, выконваючы журналісцкую працу дзеля асьвятленьня выбараў і іх наступстваў, зазналі перасьлед, затрыманьні, зьняволеньне і пазбаўленьне акрэдытацыі. 2 кастрычніка 2020 году МЗС Беларусі скасаваў акрэдытацыю ўсім журналістам, якія працуюць у замежных мэдыя-арганізацыях краіны. На сёньняшні дзень ніводзін грамадзянін Беларусі, які працуе ў заходніх СМІ, ня быў акрэдытаваны паводле новых працэдураў».