МУС пацьвердзіла затрыманьне лекара Аляксандра Цялегі за «абразу праваахоўнікаў»

Мэдработнікі, ілюстрацыйнае фота

Затрыманага мэдыка вінавацяць у абразе міліцыянтаў у камэнтары ў Telegram-каналах. Яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар Горадні.

Прэсавая служба Міністэрства ўнутраных спраў праз два дні пасьля здарэньня пацьвердзіла факт затрыманьня лекара Аляксандра Цялегі, які цяпер працуе ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі яшчэ аднаго лекара, які ў сацсетках выказваўся пра падзеі ў Беларусі. Гэтым разам у Барысаве

«На 41-гадовага нараджэнца Барысава выйшлі апэратыўнікі горадзенскага ўпраўленьня ГУУБ МУС. Яго затрымалі пасьля прыезду ў госьці да родных. Мінулай зімой у экстрэмісцкім тэлеграм-канале мужчына пакінуў шматлікія абразьлівыя камэнтары на адрас міліцыянтаў, работнікаў пракуратуры і судоў. Для віртуальнага булінгу ён выкарыстаў розныя нікнэймы», — пракамэнтавалі ў ведамстве.

Паводле сілавікоў, «мужчына раскаяўся ў зробленым і патлумачыў, што пакідаў пасты на эмоцыях пад узьдзеяньнем дэструктыўных тэлеграм-каналаў». Удакладняецца, што распачатая крымінальная справа за абразу прадстаўнікоў улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі вядомага хірурга Андрэя Любецкага, сямʼя якога пакінула Беларусь

На «пакаяльным відэа», якое публікуе тэлеграм-канал прэс-службы МУС, бачна, што мэдыка маглі зьбіваць — на яго твары засталіся чырвоныя сьляды.

У Беларусі Аляксандар Цялега працаваў лекарам-нарколягам, аднак пасьля пачатку пратэстаў зьехаў у Расею.