«Меў намер забіць супрацоўнікаў». Вынесьлі адзін з самых жорсткіх прысудаў за пратэсты

Ціхан Восіпаў, архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд прысудзіў 11 гадоў зьняволеньня інжынэру Ціхану Восіпаву.

Мужчыну прызналі вінаватым у

  • замаху на забойства пяці байцоў унутраных войскаў МУС праз наезд на іх аўтамабілем,
  • удзеле ў масавых беспарадках,
  • заведама ілжывым даносе пра злачынства.

Пасьля інцыдэнту, які адбыўся ў ноч на 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага, дзе праходзілі масавыя пратэсты супраць фальшаваньня выбараў, Восіпаў утапіў аўтамабіль у сажалцы, а паведаміў, што нібыта яго скралі.

Асуджаны не прызнаў віны паводле артыкулу аб замаху на забойства і заявіў, што будзе абскарджваць прысуд.

Суд на Ціханам Восіпавым праз замену судзьдзі ў ходзе працэсу фактычна адбыўся двойчы. На абодвух працэсах байцы ўнутраных войскаў, якіх прызналі пацярпелымі ад наезду, давалі паказаньні, якія не пацьвердзілі вэрсіі сьледзтва пра замах на іхныя жыцьці з боку Ціхана Восіпава. Таксама пацярпелыя ня выставілі на судзе матэрыяльных прэтэнзій да Восіпава, бо, зь іхных словаў, не палічылі, што атрымалі значныя траўмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​Суд аб замаху на жыцьцё міліцыянтаў пачаўся другі раз. Судзьдзя разглядае справу «з нуля»

Ціхан Восіпаў паўтараў у судзе, што не знарок наехаў на сілавікоў, якія стаялі на праезнай частцы дарогі, а зрабіў гэта ад стрэсу, які перажываў у момант нападу на ягоны аўтамабіль узброеных невядомых людзей. Паводле Восіпава, калі на яго наставілі зброю, ён паспрабаваў зьехаць зь небясьпечнага месца і «на некалькі сэкундаў нахіліў галаву», а таму «мог ня ўбачыць і зачапіць некага на дарозе».

Што да эпізоду пра махлярства з утопленым аўтамабілем, дык тут віну Ціхан Восіпаў цалкам прызнаваў. Малады чалавек тлумачыў свой учынак тым, што не хацеў, каб жонка ведала аб праблемах, у якія ён трапіў.

Дзяржаўны абвінаваўца на абодвух працэсах прытрымліваўся кваліфікацыі ўчынку Ціхана Восіпава менавіта як замаху на забойства і лічыў, што гэта было на судзе даказана. Пракурор запрошваў для абвінавачанага 12 гадоў зьняволеньня.

Маці асуджанага Сьвятлана сказала, што на абодвух працэсах яна пераканалася ў невінаватасці свайго сына, бо нават пацярпелыя не пацьвердзілі замах. А пасьля прысуду пераканалася ў тым, што «ў нас няма справядлівага суду».

«Хай гэта будзе на іх сумленьні», — сказала яна.

Вельмі разгубленай была пасьля працэсу цешча Ціхана Восіпава Лілія.

«У мяне два зяці, і абодва вельмі добрыя. Ня думаю, што Ціхан гэтак вінаваты, каб выносіць яму такі вялікі тэрмін», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа аб наезьдзе на байцоў Унутраных войск. Пракурор патрабуе 12 гадоў зьняволеньня

Вырак Ціхану Восіпаву ня першы з прысудаў за дзеяньні, якія сьледзтва кваліфікавала як «замах на сілавікоў». У сакавіку 11 гадоў зьняволеньня за наезд на супрацоўніка ДАІ прысудзілі прадпрымальніку зь Менску Аляксандру Троцкаму. Зь ім інцыдэнт адбыўся 12 жніўня на праспэкце Пераможцаў. Аляксандар Троцкі таксама не прызнаў віны ў наўмысным наезьдзе на міліцыянта і тлумачыў свае дзеяньні прыступам страху ад настаўленай на яго зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вынесьлі адзін з самых суровых выракаў за пасьлявыбарныя пратэсты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Засоўвалі пісталет у рот і пагражалі забіць». За нібыта замах на міліцыянта судзяць былога банкіра