У турме на Акрэсьціна адмаўляліся прымаць перадачы для затрыманых супрацоўнікаў Tut.by

Чарга каля ізалятара на Акрэсьціна. Менск, 20 траўня.

У ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску 20 траўня не прынялі перадачы для затрыманых супрацоўнікаў парталу Tut.by. Перадачы там прымаюць толькі раз на тыдзень — па чацьвяргах.

Адмову прыняць перадачы ад сваякоў, якія адстаялі ў чарзе пад дажджом, патлумачылі тым, што затрыманых адвезьлі з ізалятара ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю — на допыт, паведамляе «Эўрарадыё».

Сваякі хацелі ў тым ліку перадаць цёплыя рэчы, бо ацяпленьне ў ізалятары адключанае, а надвор’е стаіць халоднае.

Праўда, пасьля 18-ай гадзіны вечара Tut.by паведаміў, што родным некаторых супрацоўнікаў парталу ўсё ж удалося аддаць перадачы на Акрэсьціна. Перадачы прынялі для галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай, рэдактара Вольгі Лойкі і журналісткі Алены Талкачовай.

Як пазьней паведамілі валянтэры з ініцыятывы «Сьпісы затрыманых», супрацоўнікаў парталу сёньня вывозілі з Акрэсьціна на сьледчыя дзеяньні, і ў момант, калі журналістаў не было на Акрэсьціна, адміністрацыя адмаўлялася прымаць перадачы. Але калі журналістаў па чарзе вярталі назад – перадачы прымаліся. У канцы дня прынялі перадачы ва ўсіх, хто быў у чарзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 затрыманых, дзіўная справа з ПВТ. Што адбываецца вакол Tut.by — у пытаньнях і адказах

18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіліяваныя праекты. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «Тут Бай Мэдыя» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, «не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў».

На 20 траўня затрыманыя 13 чалавек:

  • рэдактарка Вольга Лойка
  • журналістка Алена Талкачова
  • галоўны рэдактар Марына Золатава
  • генэральны дырэктар Людміла Чэкіна
  • галоўная бухгальтарка Анжэла Асад
  • намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка
  • галоўны інжынэр Ала Лапатко
  • юрыстка Кацярына Ткачэнка
  • намесьніца галоўнага бухгальтара Марыя Новік
  • намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека
  • мэнэджар Андрэй Аўдзееў
  • генэральны дырэктар зьвязанай з Tut.by плятформы Hoster.by Сяргей Павалішаў
  • удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера драматург Юлія Чарняўская (пад хатнім арыштам).

Юлія Чарняўская не зьяўляецца ўласьніцай Tut.by, найбольшы пакет акцый кампаніі мае яе дачка Яўгенія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tut.by — як ствараўся і чым важны найбуйнейшы беларускі партал
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьнішчаюць найбуйнейшы беларускі партал Tut.by. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі былую супрацоўніцу Tut.by, лік затрыманых у справе мэдыяпарталу складае сама меней 14 чалавек