Сотні чалавек прыйшлі разьвітацца зь Вітольдам Ашуркам у Бярозаўцы. ФОТА, ВІДЭА

Пахаваньне актывіста Вітольда Ашурка ў Бярозаўцы. У труну паклалі бел-чырвона-белы сьцяг.

Сотні людзей прыехалі на пахаваньне палітвязьня Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калёніі.

Цела аддалі родным на пяты дзень. Яго зь перабінтаванай галавой і ўжо ў пахавальным гарнітуры адразу, як прывезьлі на радзіму, паставілі ў разьвітальнай залі.

«Дзякуй вам за сына», — падыходзілі да старой маці Вітольда Алены Міронаўны.

Маці амаль не адыходзіць ад труны. Ня спала. Часта нахілялася да труны і размаўляла зь Вітольдам.

«Гэта мае апошнія хвіліначкі зь ім. Не хачу ні спаць, ні есьці, нічога, і жыць ужо не хачу... Я буду да цябе прыходзіць, сыночак, буду з табой гаварыць. Што ж ты нарабіў?» — шаптала маці.

Моўчкі сядзіць ля мужа ўдава Вольга Іванаўна; то плача, то падхопліваецца і парадкуе кветкі.

Брат Андрэй, моцна падобны да Вітольда, ня спаў чарговую ноч. На людзях ён ня плача, бегае і вырашае пытаньні па пахаваньні.

Зь вечара 25 траўня ішоў паток людзей: уся Бярозаўка, лідзкія, дзятлаўскія, наваградзкія, горадзенскія, менскія. Шмат мужчын, якія не саромеліся плакаць і несьлі кветкі, старыя людзі з кіёчкамі, маўклівыя жанчыны, суседзі, сябры, паплечнікі, беларусы. Усё ціха, безь мітусьні.

«Даруйце, а Вітольд Ашурак — гэта тут?» — за грамадой ужо не відаць труны.

«Я яго паважаю. Не з усім я зь ім згодная, але паважаю — за экалёгію, за шклозавод. Вы доўга будзеце? Мне ўжо ісьці трэба», — ціха гаварыла камусьці жанчына.

«А павязку здымалі? Чаму не здымалі?», — раз-пораз пытаюцца ў родных.

Бярозаўка абмяркоўвае кадры з калёніі Сьледчага камітэту і ці раней людзі вярталіся з турмы нежывымі. Вуліцы патрулююць міліцэйскія машыны. Каля месца разьвітаньня стаяў танаваны мікрааўтобус.

Пахавальная працэсія прайшла паўз дом, дзе жыў Вітольд. Напярэдадні народны мэмарыял пад домам з кветкамі і зьнічамі камунальнікі загадалі прыбраць.

У касьцёле памаліліся за супакой душы Вітольда.

Людзі аддаюць даніну павагі Вітольду Ашурку перад уваходам у касьцёл

Вітольда Ашурка пахавалі на гарадзкіх могілках.

У труну Вітольда Ашурка паклалі бел-чырвона-белы сьцяг.

Пахаваньне актывіста Вітольда Ашурка ў Бярозаўцы

Маці і брат памерлага ў калёніі актывіста Вітольда Ашурка.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта банальнае забойства». Што сваякі і сябры кажуць пра сьмерць Вітольда Ашурка. ВІДЭА

Напярэдадні ўлады апублікавалі кадры са шклоўскай калёніі № 17, на якіх меркавана апошнія хвіліны жыцьця палітвязьня Вітольда Ашурка. Запіс выклікаў шматлікія пытаньні ў родных, сяброў, лекараў і былых палітвязьняў, якія знаёмыя з умовамі ўтрыманьня ў шклоўскай калёніі і падобных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія пытаньні выклікае відэа меркаванай сьмерці Вітольда Ашурка. Камэнтуюць лекары і былыя палітвязьні

Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калёніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі ня меў праблемаў з сэрцам.

25 траўня сваякі Ашурка атрымалі ў Шклове цела памерлага. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот». Апрача гэтага, у Вітольда відаць падрапаныя рукі.

У пасьведчаньні аб ягонай сьмерці сказана, што непасрэдная прычына сьмерці высьвятляецца. Код R99 паводле Міжнароднай клясыфікацыі захворваньняў азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі паказалі пасьведчаньне аб сьмерці палітвязьня Ашурка ў шклоўскай турме, СК апублікаваў відэа з камэры