Асуджанага на 11 гадоў за наезд на сілавікоў Ціхана Восіпава прызналі палітычным вязьнем

Ціхан Восіпаў падчас судовага працэсу

Праваабаронцы ў рамках кампаніі маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў, пачатых у часе мінулагодняй прэзыдэнцкай кампаніі, палічылі неабходным прызнаць Ціхана Восіпава палітычным зьняволеным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Меў намер забіць супрацоўнікаў». Вынесьлі адзін з самых жорсткіх прысудаў за пратэсты

Паводле сьледзтва, у ноч на 11 жніўня Ціхан Восіпаў на бацькоўскім аўтамабілі BMW наўмысна, «з мэтай забойства», наехаў на вайскоўцаў часткі 5524 унутраных войскаў МУС, якія ў гэты час выціскалі пратэстоўцаў са скрыжаваньня вуліц Прытыцкага і Глебкі. Восіпава абвінавацілі ў спробе забойства супрацоўнікаў праваахоўных органаў, за што закон прадугледжвае ад пажыцьцёвага зьняволеньня да сьмяротнай кары.

26-гадовы Ціхан Восіпаў, які на ўласным аўтамабілі 11 жніўня аказаўся ў заторы каля станцыі мэтро «Спартыўная», дзе праходзіла акцыя пратэсту, віны ў наўмысным наезьдзе на міліцыянтаў не прызнае.

Прысудам Менскага гарадзкога суду Ціхан Восіпаў быў прызнаны вінаватым паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • Пазбаўленьне волі на 10 гадоў — за замах на забойства супрацоўніка міліцыі ў зьвязку з выкананьнем ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку (ч. 1 арт. 362);
  • Пазбаўленьне волі на 4 гады — за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293);
  • Пазбаўленьне волі на 1 год — за сьвядома непраўдзівы данос аб учыненьні злачынства (ч. 1 арт. 400).

Па сукупнасьці выракаў канчатковае пакараньне яму прызначанае ў выглядзе 11 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Увесь час білі па машыне». Інжынэра вінавацяць у наезьдзе на пяцёх вайскоўцаў

«Ужываньне ўнутранага заканадаўства ў гэтай справе і ацэнка фактаў і доказаў насілі адвольны характар і склалі відавочную памылку, чым суд парушыў сваё абавязаньне ў дачыненьні да незалежнасьці і бесстароннасьці. Такім чынам, парушанае права абвінавачанага на справядлівае судовае разьбіральніцтва», — гаворыцца ў справаздачы на сайце цэнтру «Вясна».

Праваабаронцы лічаць неабходным для палітычнага зьняволенага Ціхана Восіпава патрабаваць неадкладнага перагляду прынятых у дачыненьні да яго мер і рашэньняў пры выкананьні права на справядлівы судовы разбор і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд. Таксама, на іх думку, варта патрабаваць вызваленьня асуджанага з ужываньнем іншых мер стрыманьня, якія забясьпечваюць яўку ў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адседжу ўвесь тэрмін, але на калені перад уладай ня стану». Што вядома пра фігурантаў «пінскай справы» пасьля прысуду

Паводле стану на 31 траўня ў Беларусі палітвязьнямі прызнаныя 449 чалавек.