«За што яго так мучаць?» — маці Мікалая Аўтуховіча, якога ўлады вінавацяць у тэрарызьме

Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

Маці Мікалая Аўтуховіча, схопленага нібыта за тэрарызм, расказала, што думае пра абвінавачаньне сына.

«Яго проста хочуць засадзіць невядома за што і мучыць, як мучылі раней, — кажа Лідзія Юльянаўна сайту «Салідарнасьць». — Чалавеку не даюць спакойнага жыцьця. За што яго так, скажыце? Ён нікога не забіў, нікога не абрабаваў!»

Жанчына перакананая, што сілавікі знарок зьдзекуюцца зь яе сына, намагаючыся яго зьнішчыць.

«Ён працаваў для людзей. Хацеў, каб яны жылі добра. Бачыце, як атрымліваецца... Калі пачынаў, ніхто яго ня бачыў. А як падняўся, прыехалі, кайданкі надзелі, засадзілі на некалькі гадоў у турму, — наракае яна. — Зьдзекаваліся, як маглі. Забралі ўсё. Ім трэба ягонае багацьце, таму хочуць зьнішчыць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць Аўтуховіча завялі яшчэ адну справу? КДБ Беларусі хоча дапытаць ва Ўкраіне сьведкаў у справе беларускага актывіста

Лідзія Юльянаўна кажа, што яе сын заўсёды быў працавітым, справядлівым, усяго ў сваім жыцьці дамагаўся сам.

«За што яго тады пасадзілі, калі ён галадаў і з пацукамі сядзеў? Шукаюць прычыну, каб яго зьнішчыць. За ім сачылі, не давалі спакойна жыць. Нічога, мы ўсе пад Богам. Малюся за яго кожны дзень. Бо ён усім дапамагаў і нікому не адмаўляў».

Сайт «Салідарнасьць» таксама зьвязаўся са знаёмымі Мікалая Аўтуховіча, якія перапісваюцца са зьняволеным. І апублікаваў некалькі ўрыўкаў ягоных лістоў. Адзін з апошніх допісаў, які атрымала ягоная сяброўка Аксана Сьцяпанава, датаваны 27 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся закрыты суд над інвалідам 2-й групы Гундарам, фігурантам «справы Аўтуховіча»

«Я ніколькі не сумняваюся, што ўсё будзе добра. Дзякуй за падтрымку! Можна нават ня ведаць усіх тонкасьцяў, але і так відавочна, што ўсё ідзе да лягічнага канца. Вы самі там не тужыце і трымайцеся! Беражыце здароўе — гэта галоўнае. Я, наадварот, радуюся, калі гляджу тэлевізар, бо паміж радкоў усё і так зразумела».

У большасьці лістоў Мікалай Аўтуховіч просіць не перажываць за яго, падкрэсьліваючы, што з усім справіцца.

«....Колькі я ўжо перажыў за ўсё на гэтым шляху да справядлівасьці. Наколькі хопіць здароўя, залежыць не ад мяне. Але ўпэўнены, што падтрымка простых беларусаў надае сілы і веры ў тое, што ў нашай краіне наступіць новае жыцьцё без хлусьні. І дзякуй усім, хто моліцца за ўсіх вязьняў, гэта ня можа застацца незаўважаным», — піша палітвязень.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​Абмежавалі ліставаньне, перавялі з «амэрыканкі» ў Берасьце і Горадню. Што зь фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча

Спачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён рыцар свабоды». Што з затрыманымі па справе Мікалая Аўтуховіча

Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.