Беларускія актывісты спынілі 10-дзённую галадоўку ля офісу Эўракамісіі ў Варшаве

Павал Латушка з удзельнікамі галадоўкі ў Варшаве

4 чэрвеня Стася Гліньнік, Бажэна Шамовіч, Дзьмітры Кудзялевіч, Дыяна Ігнаткова і яшчэ адна ўдзельніца Дар’я спынілі галадоўку і перадалі пэтыцыю ў Эўракамісію.

26 траўня Стася Гліньнік, беларуска з Варшавы, разам зь сяброўкай Бажэнай Шамовіч зь сябрамі абвясьціла галадоўку каля прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Варшаве.

Яны заклікаюць краіны Эўразьвязу:

  • Прызнаць цяперашні рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным.
  • Неадкладна ўвесьці эканамічныя санкцыі для выратаваньня жыцьцяў палітвязьняў.

Да дзяўчат далучыліся іпшыя актывісты, галадалі пяцёра. Удзельнікі галадоўкі начавалі ў трох намётах каля самага ўваходу ў сядзібу прадстаўніцтва Эўракамісіі. Як расказвае Стася Гліньнік, каб разьмясьціцца ў гэтым месцы, не было ніякіх перашкод ня толькі з боку ўладаў гораду, але і Эўракамісіі.

Далейшыя крокі апанэнтаў рэжыму пракамэнтаваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унучка Шушкевіча: Санкцыі — гэта шокавая тэрапія, каб будаваць новую Беларусь

«Эўразьвяз павінен дзейнічаць больш рашуча ў дачыненьні да рэжыму. Беларусы Польшчы і Літвы прымаюць эстафэту пратэсту ад сьмелых дзяўчат і хлопцаў, якія трымалі галадоўку 10 дзён, і 5 чэрвеня адпраўляюцца пікетаваць пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю: у Польшчы — Баброўнікі, у Літве — Медзінінкай. Нашай мэтай — увядзеньня эфэктыўных, а не дэкляратыўных санкцый, а таксама патрабаваньн да рэжыму адкрыць для грамадзян Беларусі свабоднае перамяшчэньне праз пункты пропуску», — акрэсьліў пляны Павал Латушка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка ініцыяваў мітынгі і намётавы лягер на польскім баку мяжы зь Беларусьсю

У выпадку, калі цягам першых трох дзён патрабаваньні намётавага мітынгу ня будуць пачутыя, удзельнікі заявілі, што заблякуюць перамяшчэньне грузавога транспарту празь мяжу.