Украінскія памежнікі ўзмацнілі ахову воднай мяжы зь Беларусьсю. Цяпер суправаджаюць беларускія баржы

Ілюстрацыйны здымак

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла аб узмацненьні аховы мяжы зь Беларусьсю і на рачных участках, пачаўшы суправаджаць усе беларускія баржы, якія перасякаюць мяжу з Украінай па Прыпяці і Дняпры.

«Заход суднаў на тэрыторыю Ўкраіны ажыцьцяўляецца як для транзытнага пераходу, так і для руху ва ўкраінскія парты. Іх суправаджаюць патрульныя катэры памежнага ведамства і кантралююць памежнымі нарадамі», — паведамілі ў прэсавай службе.

Апроч таго, да кантролю за беларускімі баржамі залучаюцца сілы асобнага атраду апэратыўнага рэагаваньня «Дазор», а таксама бесьпілётная авіяцыя.

У Дзяржаўнай памежнай службе таксама паведамілі, што ў выпадку спыненьня судна на ноч памежнікі кантралююць яго ў месцы стаянкі.

Паводле правілаў, замежны водны транспарт ня мае права спыняцца ва Ўкраіне па маршруце свайго транзыту, а таксама разгружацца або загружацца ў непрадугледжаных маршрутам месцах.

З пачатку 2021 году Беларусь актывізавала грузавыя перавозкі па Прыпяці і Дняпры. Водным шляхам перавозяць будаўнічыя матэрыялы, мэталяпрадукцыю і найбольш — дызэльнае паліва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі за панядзелак затрымалі тры групы мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі