Пракурор просіць 3 гады для сына палітзьняволенай Тацьцяны Канеўскай

Архіўнае фота. Дзмітры Канеўскі з маці Тацянай

У Гомельскім абласным судзе 15 чэрвеня прайшлі спрэчкі бакоў у крымінальнай справе 26-гадовага Дзьмітрыя Канеўскага. Яго абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці» (частка 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу). Гаворка ідзе пра нэгатыўныя камэнтары ў бок міліцыі ў Telegram.

Дзьмітры — сын палітзьняволенай Тацяны Канеўскай. Увесну яе пакаралі 6 гадамі пазбаўленьня волі за «масавыя беспарадкі» і «пляны захопу будынкаў».

На судзе Дзьмітры тлумачыў, што сапраўды на эмоцыях напісаў камэнтары ў адным з тэлеграм-чатаў. Ён даведаўся, што нібыта ягонага саслужыўца забіў АМАП. І таму напісаў у Telegram гнеўныя камэнтары ў бок міліцыі. Пазьней інфармацыя пра забойства маладога чалавека не пацьвердзілася.

Судзьдзя на працэсе — Руслан Царук. Абвінаваўца — супрацоўнік пракуратуры Аляксандар Асадчы.

Ён палічыў, што віна Канеўскага даказаная цалкам і прасіў пакараць таго пазбаўленьнем волі на 3 гады.

Дзьмітры Канеўскі ў судзе 28 траўня

Адвакатка Алена Грыбок выказалася, што яе падабаронны цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся. Санкцыі артыкулу прадугледжваюць такія пакараньні, як штраф, арышт, абмежаваньне волі.

«Якія матывы былі, каб патрабаваць для майго падабароннага менавіта пазбаўленьня волі? Тут тры віды пакараньня, просяць жа самае суровае. Мой падабаронны раней не судзімы. Пабуджальныя матывы напісаньня камэнтару было толькі тыя, што ён перажываў за сьмерць свайго сябра, паверыў знаёмым, што сябра забіў АМАП, і быў засмучаны, што ягоная маці ў турме. Ён быў выпіўшы. І ўсё гэта паўплывала на тое, што ён напісаў эмацыйны камэнтар. Мой падабаронны зь першай хвіліны прызнаваў віну, не хаваўся ад адказнасьці», — зазначыла абаронца.

«Ён не зьбіраўся помсьціць, не зьбіраўся нікому прычыняць шкоду. Ён пісаў, бо быў у вялікай ступені эмацыйнага ўзбуджэньня, і таму напісаў такія фразы, як „гарыце ў пекле“ і іншыя. Канеўскі пісаў у чаце, што я „разумею, што я на эмоцыях“, бо яны „забралі маю маці, а цяпер забілі сябра“. Ён абсалютна паверыў у тую інфармацыю, якую яму паведамілі — што сябра забілі. Каб ён не давяраў бы гэтай інфармацыі, то ён бы нічога не пісаў. Я лічу, што ў дзеяньнях майго падабароннага няма складу злачынства. Гэта быў эмацыйны парыў і набор агульных словаў. Нягледзячы на наяўнасьць заключэньня экспэртаў, і што ягоны камэнтар прызнаны экстрэмісцкім, але намеру рабіць злачынства ў яго не было. Прашу Канеўскага апраўдаць», — дадала Грыбок.

17 чэрвеня Дзьмітры Канеўскі выступіць з апошнім словам у судзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давераных асоб Ціханоўскай з Гомля пакаралі пазбаўленьнем волі ад 6 да 6 з паловай гадоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самаму малодшаму 4 гады. Хто яны — шматдзетныя маці, якіх перасьледуюць у Беларусі «за палітыку»?