Лаўроў пракамэнтаваў, як Байдэн і Пуцін абмяркоўвалі Беларусь на саміце ў Жэнэве

Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў падчас перамоваў у Маскве 18 чэрвеня.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў расказаў, у якім ключы закраналася пытаньне Беларусі падчас нядаўняга саміту прэзыдэнтаў Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна ў Жэнэве.

Як паведамляе ТАСС, тэматыка Беларусі закраналася на саміце кіраўнікоў ЗША і Расеі ў Жэнэве «ў кантэксьце неабходнасьці ўлічваць каштоўнасьці і традыцыі розных краін». Пра гэта заявіў кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў на брыфінгу па выніках праведзенай у Маскве сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Сяргей Лаўроў браў удзел у перамовах у Жэнэве ў складзе расейскай дэлегацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жэнэве закончыліся перамовы Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна. Байдэн закрануў тэму Беларусі

Акрамя таго, ён адзначыў, што Масква і Менск занепакоеныя лініяй, якую ў адносінах да іх праводзіць Эўразьвяз. Паводле яго, такую палітыку нельга прызнаць канструктыўнай, калі фармулююцца ўстаноўкі кшталту «адпор, стрымліваньне і ўзаемадзеяньне». Усё гэта «нагадвае расслаеньне думкі і наўрад ці можа лічыцца разумнай пазыцыяй».

Падтрымаў Лаўрова і Ўладзімер Макей, які канстатаваў, што супраць Беларусі і Расеі вядзецца сапраўдная інфармацыйная вайна, існуюць адзіныя цэнтры яе вядзеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі адказаў NATO і G7: «Беларусь не зьбіраецца ствараць пагроз рэгіянальнай і міжнароднай бясьпецы»

«Апошнія падзеі наглядна дэманструюць наяўнасьць адзіных цэнтраў, стратэгіі і інструмэнтаў вядзеньня інфармацыйнай вайны супраць абедзьвюх краін. Для замежных нядобразычліўцаў мы даўно ўжо рэальная саюзная дзяржава ў разуменьні нашай супольнасьці і адзінства. Але мы выстаім. З улікам таго, што Беларусь не адна, шэраг саюзьнікаў і партнэраў гатовыя аказаць нам падтрымку, мы адназначна вытрымаем», — сказаў ён.

На выніковай прэс-канфэрэнцыі было зазначана, што саюзьнікі дамовіліся каардынаваць намаганьні для ўмацаваньня дзяржаўнага сувэрэнітэту дзьвюх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей расказаў Лаўрову пра сытуацыю вакол Соф'і Сапегі. У Маскве спадзяюцца на «хуткае вырашэньне»

«З улікам такой адкрыта агрэсіўнай лініі нашых калегаў мы дамовіліся каардынаваць намаганьні дзеля ўмацаваньня дзяржаўнага сувэрэнітэту Расеі і Беларусі і забясьпечваць нацыянальную бясьпеку нашых краін сумеснымі намаганьнямі на аснове наяўных міжнародна-прававых дамоўленасьцяў», — падсумаваў Сяргей Лаўроў.

Пры гэтым расейскі бок разьлічвае, што «канстытуцыйная рэформа», якая цяпер праходзіць у Беларусі, пакладзе канец спэкуляцыям вакол беларускай дзяржавы.