Як паведамляе брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, у Эўразьвязе дасягнутае пагадненьне аб сэктаральных санкцыях супраць трох галінаў эканомікі Беларусі: банкаўскай, калійнай і нафтавай, а таксама аб пэрсанальных санкцыях адносна прадстаўнікоў беларускіх уладаў.
У бліжэйшы панядзелак санкцыі мае ўхваліць Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу. Пасьля гэтага, на наступным тыдні, чакаецца іх афіцыйнае абвяшчэньне.
16 чэрвеня амбасадары краінаў Эўразьвязу ўхвалілі рашэньне замарозіць актывы і забараніць уезд у краіны Зьвязу для 78 беларускіх грамадзянаў. Таксама будуць замарожаныя актывы 7 беларускіх юрыдычных асобаў. Санкцыі ўведзеныя з прычыны працягу палітычных рэпрэсій у Беларусі, а таксама ў адказ на прымусовую пасадку самалёта кампаніі Ryanair у Менску.
Міністры замежных справаў краінаў ЭЗ канчаткова ўхваляць рашэньне аб чацьвёртым пакеце санкцыяў падчас сустрэчы ў панядзелак, 21 чэрвеня, у Люксэмбургу. Асобы і арганізацыі, якіх тычацца новыя санкцыі, будуць у той жа дзень названыя ў афіцыйным часопісе ЭЗ.
understand that there is an agreement on the EU sectoral sanctions on #Belarus and the three areas potash, banking & oil with a political green light at the foreign affairs council on Mon. should be finalized in the following days.
— Rikard Jozwiak (@RikardJozwiak) June 18, 2021