23-гадовага жыхара Гомля судзяць за тое, што ў штурханіне зачапіў нагой міліцыянта

Павал Ларчык на судзе, фота праваабарончага цэнтру «Вясна»

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 21 чэрвеня пачаў разгляд крымінальнай справы за «гвалт над міліцыянтам» 23-гадовага Паўла Ларчыка.

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 21 чэрвеня пачаў разгляд крымінальнай справы за «гвалт над міліцыянтам» у дачыненьні 23-гадовага Паўла Ларчыка.

Летась падчас маршу 20 верасьня адбылася штурханіна. Паўла павалілі на зямлю, цягнулі ў розныя бакі, і ён у штурханіне зачапіў нагой міліцыянта.

Пацярпелы — супрацоўнік Чыгуначнага РАУС, 34-гадовы Павел Шапавалаў. Першапачаткова за «гвалт» над гэтым міліцыянтам затрымалі сябра Паўла Ларчыка Аляксея Губіча. Яго абвінавацілі, што ён стукнуў нагой міліцыянта. Але пазьней Губіча судзілі ў закрытым судзе за тое, што ён нібыта ўдарыў супрацоўніка АМАП. Губіча пакаралі калёніяй на тры гады.

Па Паўла Ларчыка міліцыя прыйшла ў канцы лютага 2021 году. Ён з 1 сакавіка ў СІЗА.

Справу разглядае судзьдзя Алеся Осіпава.

Паводле абвінавачаньня, Ларчык, «дзейнічаючы з матываў палітычнай варожасьці», «у мэтах перашкодзіць законнай дзейнасьці» нанёс ня менш за тры ўдары нагой міліцыянту. Той атрымаў гематому, якая не пацягнула кароткатэрміновага разладу здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паказалі як доказ фота не падобнай да мяне жанчыны». У Гомлі трымалі ў ІЧУ як падазраваную ў масавых беспарадках маці 3-гадовага дзіцяці

Абвінавачаны прызнаў віну часткова. Ён патлумачыў, што сапраўды быў на маршы 20 верасьня. Пры прарыве ачапленьня АМАП пачалася штурханіна, у выніку якой Павал упаў і апынуўся на асфальце. «Я ляжаў на асфальце, а нехта цягнуў мяне за нагу і за адзеньне — у розныя бакі. Я ў гэты момант вырываўся, ня бачыў, хто мяне цягнуў, і штурхануў некага нагой. Гэта адбывалася вельмі хутка. Я ня бачыў, каго я штурхнуў, бо ляжаў на сьпіне, у мяне доўгія валасы, і празь іх я ня бачыў», — тлумачыў абвінавачаны.

Дыялёг пракуроркі з падсудным:

— Калі вы першы раз у некага пацэлілі, то варта было спыніцца?

— Я тады не задумаўся, былі машынальныя дзеяньні, на стрэсе.

— Вы ляжалі на сьпіне, глядзелі ў неба ці бачылі чалавека перад вамі? Вы ня бачылі, што гэта міліцыянт?

— Ня бачыў.

— Вы не заўважылі міліцыянта ці не хацелі заўважаць?

— Не заўважыў. Была штурханіна, гармідар.

— Чаму вы не расслабіліся, не паляжалі пару хвілін, пакуль вас цягнулі ў розныя бакі?

— Гэта было сумбурна, была стрэсавая сытуацыя, я фізычна ня мог расслабіцца.

Міліцыянт Шапавалаў паказаў, што «калі абвінавачаны пайшоў да супрацоўніка АМАП, я схапіў яго за тулава». «Ён ляжаў на сьпіне, я трымаў яго за ногі, ён наносіў удары. У яго доўгія валасы, ён мяне ня бачыў. Ён нанёс мне два ці тры ўдары», — казаў міліцыянт. Па кампэнсацыю маральнай шкоды ён не зьвяртаўся.

Суд працягнецца 2 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі затрымалі сябра палітвязьня. Яго вінавацяць у гвалце над міліцыянтам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхару Гомля прысудзілі 3 гады калёніі за гвалт над міліцыянтам