Даля Грыбаўскайце: «Лукашэнка ператварае Беларусь у турму»

Даля Грыбаўскайце (у цэнтры) на прэзэнтацыі кнігі ў Кіеве 23 чэрвеня 2021

Экс-прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце заяўляе, што ў 2009–2010 гадах Эўрапейскі Зьвяз шчыра верыў у намеры Аляксандра Лукашэнкі дэмакратызаваць Беларусь, і гэта было падставай для адпаведных перамоў, на якія яна была ўпаўнаважаная.

«Эўропа верыла ў тое, што Лукашэнка хоча быць больш адкрытым і дэмакратычным, і ён абяцаў, што новыя выбары ў той час (2010. — РС) будуць больш дэмакратычнымі, і ў мяне быў мандат Эўрапейскага Зьвязу ехаць у Менск і размаўляць аб дэмакратызацыі выбараў і аб вызваленьні палітычных вязьняў. І гэтую опцыю я выканала паводле мандату Эўразьвязу», — сказала Даля Грыбаўскайце, адказваючы на пытаньне Свабоды пра яе сустрэчы з Лукашэнкам і імаверны шлях разьвязаньня палітычнага крызісу ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая прэзыдэнтка Літвы: «Лукашэнку трэба палітычна і дыпляматычна ізаляваць»

Даля Грыбаўскайце цяпер зь візытам у Кіеве. Яна ўзяла ўдзел у прэзэнтацыі ўкраінскага перакладу кнігі пра яе — «Вялікая прэзыдэнтка маленькай краіны. Гісторыя Далі Грыбаўскайце». Прэзэнтацыя кнігі прайшла ў рамках Кніжнага арсэналу — найбольшай ва Ўкраіне кніжнай выстаўкі, якая штогод праходзіць у Кіеве.

Аўтарка кнігі — прэс-сакратарка Грыбаўскайце ў часы яе прэзыдэнцтва Дайва Ульбінайце. У кнізе не расказваецца пра сустрэчы з Лукашэнкам, але згадваецца пра тое, што Эўразьвяз меў шмат ілюзіяў наконт Беларусі і Расеі. Пры гэтым гаворыцца, што прадуманай стратэгіі дачыненьняў не было.

«Пасьля выбараў ён (Лукашэнка) разагнаў акцыі пратэсту, стала больш палітычных вязьняў, і былі ўведзеныя новыя санкцыі. І я цалкам падтрымлівала тыя санкцыі. Прайшло 10 гадоў, і нічога не зьмянілася. Цяпер я магу сказаць адкрыта, што гэты аўтарытарны рэжым ператварыўся ў дыктатуру. І Лукашэнка ператварае Беларусь у турму», — дадала Даля Грыбаўскайце.

Даля Грыбаўскайце (у цэнтры) падчас прэзэнтацыі кнігі.