За абразу Лукашэнкі судзяць драгічынскага журналіста

Сяргей Гардзіевіч зь міліцыянтам, архіўнае фота

Суд Іванаўскага раёну Берасьцейшчыны разглядае крымінальную справу супраць карэспандэнта інтэрнэт-сайту «Першы рэгіён» з Драгічына Сяргея Гардзіевіча.

Суд пачаўся аб 11 гадзіне. Сяргей Гардзіевіч у судзе віны не прызнаў. Суд апытвае міліцыянтаў, якія праходзяць у справе пацярпелымі. Гаворка пра камэнтары ў сацсетках.

Як піша «Першы рэгіён», журналісту інкрымінуюць арт. 188 (паклёп), арт. 368 ч. 1 (абраза прэзыдэнта) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста з Драгічына афіцыйна абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і ўзялі пад хатні арышт

Журналіста затрымалі летась 22 сьнежня, калі ён ехаў на мікрааўтобусе з Драгічына ў Берасьце. У спэцапэрацыі бралі ўдзел супрацоўнікі АМАП. У апошні дзень году яму прад’явілі абвінавачаньне за «абразу прэзыдэнта». Іншыя абвінавачаньні дадаліся пазьней. Некалькі разоў на кватэры Сяргея Гардзіевіча адбываліся ператрусы, адтуль забралі ўсю тэхніку.

Да пачатку траўня журналіст быў пад хатнім арыштам. У пачатку гэтага году суд Драгічынскага раёну зьмяніў яму меру стрыманьня пад падпіску аб нявыезьдзе.

22 чэрвеня Сяргею Гардзіевічу споўнілася 50 гадоў.