Беларусь зноў зьвярталася да Ўкраіны па энэргадапамогу. Цяпер праз пажар на Лукомскай ДРЭС

Лукомская ДРЭС

Украіна ў межах тэхнічнага пагадненьня аб узаемадапамозе ў выпадку надзвычайных ці аварыйных сытуацый паставіла ў Беларусь 0,3 мільёна кіляват-гадзін.

Як паведамілі ў кампаніі «Укренерго», гэта адбылося 23 чэрвеня з 22.15 да 24.00.

«Прычынай стаў дэфіцыт электраэнэргіі ў энэргетычнай сыстэме Беларусі праз аварыйнае адключэньне генэрацыйных магутнасьцяў Лукомскай ДРЭС, якая на той час працавала на магутнасьці 1400 МВт», — удакладнілі ва ўкраінскай кампаніі.

У той жа час у «Укренерго» падкрэсьлілі, што камэрцыйныя пастаўкі электраэнэргіі з Расеі і Беларусі ў гандлёвую зону Аб’яднанай энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны не ажыцьцяўляліся.

Нацыянальная камісія, якая ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне ў сфэры энэргетыкі Ўкраіны, забараніла пастаўкі на ўкраінскі рынак электрычнай энэргіі зь Беларусі і Расеі да 1 кастрычніка.

23 чэрвеня Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі паведаміла пра пажар на Лукомскай ДРЭС. Пазьней Міністэрства энэргетыкі пацьвердзіла, што праз пажар без электразабесьпячэньня застаўся шэраг населеных пунктаў Магілёўскай і Віцебскай абласьцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адключэньне Лукомскай ДРЭС адбылося ад сьпёкі, — Мінэнэрга

Сёлета, у асеньне-зімні пэрыяд 2020–2021 гадоў, Беларусь і Ўкраіна ўпершыню абмяняліся ўзаемнай дапамогай у аварыйных і надзвычайных сытуацыях. Беларусь — у студзені, калі аварыйна адключыўся першы блёк Беларускай АЭС, а Ўкраіна — у студзені і лютым, калі трэба было збалянсаваць энэргетычны рынак у сувязі з дэфіцытам вугалю і павелічэньнем аб’ёмаў спажываньня электраэнэргіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі ўпершыню давялося скарыстацца аварыйнай дапамогай Украіны праз адключэньне БелАЭС

18 чэрвеня міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што ўкраінская энэргетычная сыстэма ўжо з наступнага году будзе працаваць аўтаномна ад энэргасыстэм Расеі і Беларусі пры ўмове стабільнага ацяпляльнага сэзону 2021/2022 гадоў.

Міністар падкрэсьліў, што сынхранізацыя з эўрапейскай энэргетычнай сыстэмай застаецца прыярытэтам для энэргетычнай галіны Ўкраіны, адначасова з гарантаваньнем энэргетычнай бясьпекі і рынкавых умоў функцыянаваньня гэтага сэктару эканомікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна з 2022 году адлучыцца ад энэргасыстэмаў Расеі і Беларусі. Пры якіх умовах і чаму?