У Літве за мінулыя содні затрымалі 116 мігрантаў, якія перайшлі беларуска-літоўскую мяжу па-за пунктамі пропуску, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы.
Група з 8 чалавек спрабавала атакаваць патруль. Памежнікі пусьцілі сьлезацечны газ і зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра.
Памежная служба адзначыла, што мігранты пачалі ісьці і цераз участкі мяжы, абсталяваныя сучаснай сыстэмай кантролю. Раней яны ўнікалі такіх тэрыторый.
Агульная колькасьць нерэгулярных мігрантаў зь Беларусі ў Літве дасягнула 938 чалавек. Летась за ўвесь год затрымалі 81.
У пятніцу Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сытуацыі ў сувязі з рэзкім ростам нерэгулярнай міграцыі зь Беларусі.
«Лукашэнка спрабуе ператварыць міграцыю ў зброю, каб аслабіць нашыя санкцыі», — напісаў у твітэры міністар замежных спраў Літвы Гарбыэлюс Ландсбэргіс.
Lithuanian gov’t declared state of emergency today as record 150 illegal migrants crossed into LT from Belarus in the last 24hrs. Lukashenko seeks to weaponize migration to weaken our resolve for sanctions. Emergency or not - it shall not pass! pic.twitter.com/v9sjZPSPtd
— Gabrielius Landsbergis (@GLandsbergis) July 2, 2021
Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у нядбайнасьці і нават у спрыяньні перапраўцы замежнікаў да мяжы Літвы. Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што рост колькасьці мігрантаў — гэта сьвядомая палітыка беларускіх уладаў супраць Літвы. Яна назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны.
Беларускія ўлады мэтанакіравана перакідаюць мігрантаў да мяжы, завабліваючы іх у краіну пакетнымі прапановамі дзяржаўнага турыстычнага агенцтва (напрыклад, рэйс з Багдаду або Стамбулу і даезд да літоўскай мяжы). Такую вэрсію ў інтэрвію Financial Times раней выказаў Габрыелюс Ландсбергіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзеце самі іх есьці і лавіць». Лукашэнка гадамі браў у Эўразьвязу дзясяткі мільёнаў эўра на ўзмацненьне мяжы
Кіраўніца Эўракамісіі назвала плынь мігрантаў зь Беларусі палітычна матываванай і заявіла, што Эўразьвяз узмоцніць падтрымку Літвы, перадае Reform.by.
2 ліпеня пра ўзмацненьне аховы мяжы зь Беларусьсю паведаміла і Латвія. З эўрапейскага агенцтва Frontex ў Латвію ўжо прыехалі некалькі афіцэраў з тэхнічнымі сродкамі і аўтамабілем для патруляваньня мяжы, паведаміў прадстаўнік памежнай службы тэлеканалу LTV7.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў пра «спробу забойства» Азаронка і загадаў цалкам перакрыць мяжу з Украінай