Судовыя вынікі чэрвеня: 1477 дзён арышту, 71 тысяча рублёў штрафаў

Ілюстрацыйнае фота

За чэрвень у Беларусі на падставе «пратэставых» артыкулаў судзілі прынамсі 119 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтар«Вясна».

З пачатку лета ўлады працягнулі палітычна матываваныя затрыманьні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. За мінулы месяц пад адміністрацыйны перасьлед трапілі мінімум 246 чалавек. Агулам за чэрвень, паводле валянтэрскай службы «Вясны», асудзілі прынамсі 119 чалавек.

Праваабаронцам вядома пра 25 штрафаў на агульную суму 2 450 базавых велічыняў (больш за 71 000 беларускіх рублёў) і не менш за 94 адміністрацыйных арыштаў агулам у 1 477 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У траўні затрымалі больш як 300 пратэстоўцаў

Судзьдзі працягваюць караць затрыманых беларусаў зь дзіўных прычынаў тэрмінамі ад 5 да 30 содняў. Так асудзілі ў мінулым месяцы сярод іншага ўдзельнікаў менскага трыятлёну, 4 журналістаў, якія выконвалі сваю працу, студэнтаў, удзельнікаў паказу спэктакля „Белый кролик, красный кролик“/„Белы трусік, Чырвоны трусік“, дырэктара івэнт-агенцтва Антона Сасноўскага, якога пакаралі 2175 рублямі штрафу за лёзунг «Жыве Беларусь!» на канцэрце групы «Пошлая Молли», група мужчын затрыманая на Камсамольскім возеры за песьню побач зь імі.

Судзілі таксама былых супрацоўнікаў дзяржаўных органаў за звальненьне ў знак салідарнасьці зь мірнымі пратэстоўцамі ў жніўні 2020 году.

Працягваюць адбывацца працэсы і за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў. Прынамсі пяцёх такіх затрыманых арыштавалі тэрмінам на 14-15 дзён.