Tut.by судзіцца з ПВТ, які на патрабаваньне ДФР пазбавіў яго льготаў. Працэс зрабілі закрытым

Эканамічны суд Менску

У Эканамічным судзе Менску пачаўся разгляд пазову Tut.by аб прызнаньні несапраўдным рашэньня назіральнай рады ПВТ аб страце права на льготы ў 2019-2021 гадах.

Сёньня ў Эканамічным судзе Менску адбылося падрыхтоўчае судовае пасяджэньне пасьля пазову парталу Tut.by да адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій.

У чым сутнасьць справы

18 траўня, яшчэ да афіцыйнага рашэньня аб нейкіх парушэньнях, Tut.by выключылі з Парку высокіх тэхналёгій, рэзыдэнтам якога ААТ было з 2019 годe. У гэты дзень Камітэт дзяржкантролю прыйшоў у офіс Tut.by на праспэкце Дзяржынскага, 57 у Менску зь ператрусам і паведаміў, што ў дачыненьні службовых асобаў ААТ «Тут Бай Мэдыя» пачата крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

Нібыта зь 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў, была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ».

Tut.by заявіў, што за час працы ў рамках ПВТ кампанія пасьпяхова праходзіла праверкі і аўдыты, здавала справаздачы, працавалі заўсёды празрыста. Ніякіх прэтэнзій і папярэджаньняў ад адміністрацыі Парку не атрымлівала.

Аднак сайт заблякавалі, 15 супрацоўнікаў, у тым ліку гендырэктара, галоўнага рэдактара, галоўнага бухгальтара і нават некалькі журналістаў парталу зьмясьцілі ў СІЗА КДБ і на «Валадарку».

Tut.by падаў пазоў да ПВТ у суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tut.by падаў пазоў у эканамічны суд Менску супраць адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій

Прадстаўнік ПВТ сказаў, што на закрыцьці працэсу «настойвае ДФР»

Працэс вядзе судзьдзя Эканамічнага суду Менску Крысьціна Скурчынская. Інтарэсы Tut.by прадстаўляюць адвакаты Тацяна Ігнатоўская і Аляксандар Баваты.

Ад ПВТ у суд прыйшоў намесьнік дырэктара ПВТ Іван Жызьнеўскі. Прадстаўнікі назіральнай рады ПВТ у суд не зьявіліся.

На пачатку працэсу ніякіх дадатковых хадайніцтваў у абодвух бакоў не было.

Аднак намесьнік дырэктара ПВТ Жызьнеўскі прасіў праводзіць працэс у закрытым рэжыме — маўляў, у ПВТ ёсьць ліст для службовага карыстаньня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў ад 1 ліпеня.

«У матэрыялах справы ліста няма», — сказаў судзьдзя. Пасьля гэтага Жызьнеўскі перадаў судзьдзі канвэрт з грыфам «Для службовага карыстаньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адмовіў Tut.by, які аспрэчыў выснову камісіі, што прызнала ягоную прадукцыю экстрэмісцкай

Адвакаты, якія прадстаўляюць інтарэсы Tut.by, — супраць, яны далучылі свае пісьмовыя абгрунтаваньні, што няма падставаў для закрыцьця працэсу. Прадстаўнік ПВТ цьвёрда стаяў на пазыцыі паседжаньне закрыць і спасылаўся агулам на Грамадзянска-працэсуальны кодэкс, не назваўшы ніводнага канкрэтнага артыкулу.

«Адзіны аргумэнт ПВТ — пра гэта папрасіў ДФР», — сказала адвакатка Тацяна Ігнатоўская.

Прадстаўнік ПВТ абяцаў прыкласьці хадайніцтва праваахоўных органаў аб закрыцьці працэсу і дадатковую інфармацыю ад тых жа праваахоўных органаў. Жызьнеўскі некалькі разоў паўтарыў, што менавіта ДФР настойвае на закрыцьці працэсу.

Адвакаты адзначылі, што ПВТ не прадставіў абгрунтаванай пазыцыі. Паўгадзіны цягнуліся спрэчкі.

У выніку судзьдзя Крысьціна Скурчынская прыняла рашэньне зрабіць працэс закрытым.

Правы на льготы рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій ТАА «Тут Бай Мэдыя» пазбавілі па хадайніцтве Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта Дзяржкантролю. Падставай паслужыў ліст ад 17 траўня 2021 году за подпісам намесьніка старшыні КДК Ігара Маршалава на адрас дырэктара ПВТ Усевалада Янчэўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tut.by — як ствараўся і чым важны найбуйнейшы беларускі партал

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.