На месца звольненага Шэймана Лукашэнка прызначыў былога кіраўніка «Белкаапсаюзу»

Валер Іваноў (справа) у час працы намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў

Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта ўзначаліў Валер Іваноў. Раней ён ужо працаваў з Лукашэнкам.

Пра новае прызначэньне ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Колішні кіраўнік «Белкаапсаюзу» Валер Іваноў заняў месца шматгадовага паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана. У чэрвені зьявілася афіцыйнае пацьверджаньне, што ён ідзе ў адстаўку.

Сваю дзейнасьць Валер Іваноў пачынаў у Круглым на Магілёўшчыне. З 1997 па 2002 год быў старшынём калгасу «Сьвітанак» у Кіраўскім раёне, працаваў і на іншых пасадах на розных сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Яшчэ да прыходу ў «Белкаапсаюз» Іваноў займаў пасаду генэральнага дырэктара Беларускай калійнай кампаніі (БКК), быў намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў. Працаваў ён і ў апараце Лукашэнкі — у 2013 годзе яго прызначылі намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб здрады не было». Лукашэнка прызначыў амбасадараў у Іране, Манголіі і Кубе

Яго папярэднік на пасадзе кіраўніка справаў Лукашэнкі Віктар Шэйман заставаўся адзіным чыноўнікам высокага ўзроўню, які працаваў з Лукашэнкам з 1994 году. За 26 гадоў пры ўладзе Лукашэнкі Шэйман пабываў сакратаром Савету бясьпекі, генэральным пракурорам, кіраўніком спраў.

Беларуская апазыцыя і міжнародныя праваабарончыя структуры сьцьвярджаюць, што Віктар Шэйман у свой час быў сярод арганізатараў гэтак званых «эскадронаў сьмерці», якім прыпісваюць забойствы лідэраў арганізаванай злачыннасьці. Гэта прызнаваў і Лукашэнка, які казаў, што «Шэйман бегаў зь пісталетам і адстрэльваў бандытаў». Таксама Шэйману закідаюць удзел у выкраданьні і забойствах кіраўнікоў беларускай апазыцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага. Ад 2004 Шэйман знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адстаўка непатапляльнага Шэймана: ці назаўсёды
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рахункі санаторыя «Беларусь» у Друскеніках, які раней трапіў пад санкцыі, разблякавалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 21 год таму зьнік тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі