Ціханоўская: Большасьць людзей у спэцслужбах таксама хочуць пераменаў

Сьвятлана Ціханоўская сустракаецца зь беларускай дыяспарай, Вашынгтон, 18 ліпеня 2021 году

Лідэрка дэмакратычнай апазыцыі Беларусі Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зь візытам у ЗША. У першы дзень свайго знаходжаньня ў Вашынгтоне яна дала інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

У размове з журналістам Ігарам Ціханенкам (цалкам на сайце «Голасу Амэрыкі»), Ціханоўская сказала, што Лукашэнка разумее, што ён страціў кантроль у Беларусі, што ён не кантралюе людзей, не кантралюе сытуацыі, баіцца, што яму здрадзяць нават самыя блізкія людзі.

«І ён усё яшчэ хоча дэманстраваць, што ён моцны лідэр, але гэта ня так. Моцнаму лідэру ня трэба ўжываць гвалт, каб паказаць: глядзіце, я моцны... Ён ужо страціў гэты імідж моцнага лідэра, і ён ужо ніколі ня зможа яго аднавіць. Пасьля таго пекла, які ён учыніў у Беларусі, ён страціў усё».

Журналіст пацікавіўся ў Ціханоўскай, ці разумее найбліжэйшае атачэньне Лукашэнкі, што ён прайграў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь беларускай дыяспарай. ФОТА, ВІДЭА

«Мушу сказаць, што большасьць людзей у спэцслужбах таксама хочуць пераменаў, але многія людзі ў ягоным атачэньні ўжо зрабілі злачынствы ў Беларусі. Яны разумеюць, што нясуць адказнасьць за ўсё, і яны баяцца за сваю будучыню. У іх рукі ў крыві, і людзі хочуць, каб яны паўсталі перад судом. Мы павінны пазьбягаць беспакаранасьці. Але немагчыма працаваць у структурах, дзе ўсе хочуць пераменаў і ёсьць шмат людзей, якія дапамагаюць нам з інфармацыяй, зь відэа, з аўдыёзапісамі, з рознымі дакумэнтамі, і ўсе яны падазраюць адзін аднаго, разумееце?» — заявіла Ціханоўская.

Паводле яе, бізнэс, які стаіць за Лукашэнку, таксама разумее, што ён нелегітымны.

«Ён страціў кантроль, і падтрымка яго абыходзіцца вельмі дорага. З другога боку, мы хочам паказаць ім альтэрнатыву. Што яны змогуць весьці бізнэс у новай Беларусі. Што яны могуць быць карысныя, і што Эўрапейскі зьвяз, ЗША гатовыя падтрымаць новую Беларусь у першыя гады, таму што гэта будзе даволі складана. Паступова яны зразумеюць, што ім давядзецца зрабіць выбар, і я ўпэўненая, што яны выберуць квітнеючую Беларусь, ня тую Беларусь, якую руйнуе Лукашэнка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Лукашэнку загоняць у кут, то яго прыбяруць свае ж людзі», — аналітык