Швэдзкія пісьменьнікі падтрымалі беларускага празаіка Барыса Пятровіча, да якога прыходзілі сілавікі

Барыс Пятровіч

Швэдзкія пісьменьнікі зладзілі ў фэйсбуку акцыю падтрымкі Барыса Пятровіча, старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, у доме якога на мінулым тыдні прайшоў ператрус.

У знак падтрымкі швэдзкія аўтары зьмясьцілі ў сацыяльнай сетцы відэаролікі, на якіх чытаюць фрагмэнты з кніжкі Барыса Пятровіча «Fresker», якая выйшла ў 2008 годзе ў Швэцыі ў перакладзе Дзьмітрыя Плакса. Сярод аўтараў, якія падтрымалі беларускага пісьменьніка, Марыт Капля, Юнас Аксэль Грэн, Сэсылія Гансан, Гэнрык Энбом, Юган Ліндблюм.

Барыс Пятровіч цяпер пад падпіскамі аб невыдаваньні і аб нявыезьдзе.

Міністэрства юстыцыі Беларусі праводзіць праверку дакумэнтаў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Міністэрства запатрабавала ад СБП масіў дакумэнтаў з 1 студзеня 2018 году да 1 ліпеня 2021 году па 27 пунктах, зьвязаных са статутнай дзейнасьцю арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мін'юст праводзіць тэрміновую праверку дзейнасьці Саюзу беларускіх пісьменьнікаў