Расьсьледаваньне: У рэестры Міністэрства аховы здароўя Расеі колькасьць хворых на COVID-19 у 5 разоў большая за афіцыйную

Уваход у аддзяленьне хворых на каранавірус у маскоўскім шпіталі

У рэестры Міністэрства аховы здароўя РФ, створаным для адсочваньня колькасьці хворых на каранавірусную інфэкцыю, ужо больш за 29 мільёнаў запісаў — гэта ў пяць разоў больш, чым афіцыйна паведамляе апэратыўны штаб.

Гэта выявілі журналісты «Медиазоны», «Холода» і «Медузы». Паводле іх зьвестак, на піку другой хвалі зімой у рэестар уносілася па 125 тысяч чалавек за дзень —ва ўсім сьвеце захворваньняў было больш толькі ў ЗША і Індыі. Калі гэтыя лічбы дакладныя, то Расея на першым месцы ў сьвеце ў колькасьці тых, хто заразіўся COVID-19, у пераліку на мільён жыхароў, сьцьвярджаюць журналісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2020 год у Менску ад каранавірусу памерла больш людзей, чым афіцыйна па ўсёй Беларусі, — «Медиазона»

Аўтары расьсьледаваньня вывучылі сэртыфікаты для перахварэлых на COVID-19 на сайце «Дзяржпаслуг». Самы сьвежы з атрыманых ад падпісчыкаў сэртыфікат належыць чалавеку, які перахварэў на ковід у чэрвені 2021 году. Яго парадкавы нумар — 27 мільёнаў 300 тысяч. «На пытаньне аб тым, ці адпавядае гэтая лічба за чэрвень рэчаіснасьці, знаёмая з працай рэестру крыніца „Медузы“ ў адным з фэдэральных ведамстваў адказала: „Так і ёсьць“», — адзначаецца ў матэрыяле.

Вывучаючы сэртыфікаты ачунялых, «Медиазона» высьветліла, што да сярэдзіны ліпеня апублікаваныя на «Дзяржпаслугах» нумары ўжо перавысілі адзнаку ў 29 мільёнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раённая анамалія»? Лічбы памерлых ад COVID-19 у Беларусі могуць быць заніжаныя ў сем разоў

Пры гэтым афіцыйна апэратыўны штаб паведамляе толькі пра 6 мільёнаў захварэлых з пачатку эпідэміі ў Расеі — гэта амаль у пяць разоў менш за колькасьць запісаў у рэестры Міністэрства аховы здароўя. У матэрыяле адзначаецца, што 29 мільёнаў захварэлых вывелі б Расею на трэцяе месца ў сьвеце паводле абсалютнай колькасьці выпадкаў каранавірусу. У пераліку на мільён жыхароў краіна паднялася б з 85-га месца на першае, апярэдзіўшы Андору, якая цяпер лідэр, і астатнія краіны, якія мацней за іншых пацярпелі ад каранавірусу.

Супаставіўшы нумары сэртыфікатаў з датамі ачуняньня, дасьледчыкі пабудавалі крывую: калі па ёй ацаніць колькасьць новых запісаў за дзень, то выяўляецца, што ўзімку на піку другой хвалі эпідэміі колькасьць выяўленых у Расеі выпадкаў захворваньняў дасягнула 125 тысяч за дзень.

Афіцыйна максымум зафіксаваных выпадкаў — амаль 30 тысяч хворых за дзень — здарыўся 24 сьнежня.

Падобныя несупадзеньні ў лічбах выяўляліся і ў Беларусі. Выданьне «Медиазона» апублікавала дасьледаваньне, у якім на падставе статыстыкі па Менску даказвае, што афіцыйныя зьвесткі аб маштабах захворваньня на каранавірус і аб яго летальнасьці ў Беларусі істотна заніжаныя. А Радыё Свабода атрымала доступ да раённай статыстыкі, якая сьведчыць, што лічбы памерлых ад COVID-19 у Беларусі могуць быць заніжаныя ў 7 разоў.