Генэральны дырэктар «Нафтану» загадаў звальняць рабочых за заклікі да страйку

Акцыя пратэсту ў Наваполацку. 14 жніўня 2020 году

Чытачы прыслалі Свабодзе копію загаду генэральнага дырэктара наваполацкага «Нафтану» Андрэя Сойкі.

У ім вызначаныя новыя падставы для адхіленьня ад працы, у тым ліку заклікі да страйку (спыненьня выкананьня працоўных абавязкаў).

Загад грунтуецца на новым законе аб пытаньнях працоўных адносін, ухваленым у траўні 2021 году Нацыянальным сходам.

Генэральны дырэктар Андрэй Сойка выпусьціў загад, які дазваляе звальняць працаўнікоў за заклікі да спыненьня працы «бяз важных прычынаў». Падставай для гэтага можа быць паведамленьне іншага рабочага.

Летам 2020 году на «Нафтане» прайшлі пратэсты, некаторыя рабочыя абвясьцілі страйк з патрабаваньнем сумленных выбараў і спыненьня гвалту. Частка зь іх працягвае страйк дагэтуль, да яго далучаюцца іншыя рабочыя. У прыватнасьці, 12 ліпеня апэратар устаноўкі тэрмакрэкінгу ААТ «Нафтан» Дзьмітры Бурачонак далучыўся да агульнанацыянальнага страйку. Ён працуе на прадпрыемстве 8 гадоў.

«У сувязі зь перадузятым стаўленьнем, неправамернымі дзеяньнямі і пагрозамі на мой адрас з боку кіраўніцтва я далучаюся да агульнанацыянальнага страйку! Я хачу жыць у праўнай і свабоднай Новай Беларусі!», — заявіў ён.

Права на страйк гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва «Нафтану» абвяргае, што на трэці квартал 2021 году прадпрыемства засталося без сыравіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Голас народу 9 жніўня 2020 году ня быў пачуты». Яшчэ адзін рабочы на «Нафтане» далучыўся да страйку