2 жніўня выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін ў этэры «Настоящего времени» паведаміў, што Ціманоўская можа папрасіць палітычнага прытулку ў Польшчы.
«Яна цяпер знаходзіцца ў Токіё. Яна ўжо мае зносіны з Міжнародным алімпійскім камітэтам і з прэсай. Ужо падала заяву на прадастаўленьне палітычнага прытулку ў Польшчы, таму яна ўжо ў дарозе знаходзіцца. З ёй усё ў парадку, — сказаў Апейкін. — Трымаецца добра, зразумела, што гэта стрэсавая сытуацыя не толькі для спартсмэна, але і чалавека — апынуцца пад такім ціскам. Гэта маладая дзяўчына, на якую аказалі ціск дарослыя дасьведчаныя функцыянэры».
Паводле інфармацыі Фонду спартовай салідарнасьці, 1 жніўня Ціманоўскай тэрмінова набылі білет на самалёт, прадстаўнікі нацыянальнай команды прывезьлі яе ў аэрапорт, у трэці тэрмінал. Вылет праз Стамбул быў заплянаваны на 16:50 паводле беларускага часу.
Аднак Крысьціна зьвярнулася да супрацоўнікаў аэрапорту і паліцыі з просьбай аб дапамозе.
У інтэрвію агенцтву Reuters Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе даставілі ў аэрапорт насуперак яе волі. Таксама яна паведаміла, што зьвярнулася да прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Токіё, каб яны забралі яе з аэрапорту.
Сьледам Крысьціна Ціманоўская зьвярнулася да кіраўніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту з просьбай неадкладна ўмяшацца ў надзвычайную сытуацыю. Цяпер яна пад аховай паліцыі ў аэрапорце.
«Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт аб неадкладнай дапамозе. На мяне быў аказаны ціск і мяне спрабуюць вывезьці з краіны без маёй згоды, таму я прашу тэрмінова ўмяшацца», — заявіла спартоўка ў адмысловым відэазвароце.
Неўзабаве алімпійская арганізацыя адказала, што пільна вывучае сытуацыю зь беларускай лёгкаатлеткай.
The IOC and Tokyo 2020 have spoken to Krystsina Tsymanouskaya directly tonight. She is with the authorities at Haneda airport and is currently accompanied by a staff member of Tokyo 2020. She has told us that she feels safe. /1
— IOC MEDIA (@iocmedia) August 1, 2021
Раней прадстаўнік МАК сказаў агенцтву Reuters, што кіраўніцтва камітэту бачыла паведамленьні СМІ і разглядае гэтую праблему. Прэсавы сакратар камітэту паведаміў, што зьвярнуўся па тлумачэньні ў Алімпійскі камітэт Беларусі.
Стала вядома, што ў аэрапорт выехалі прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Японіі.
Лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што амбасада Польшчы ў Токіё на просьбу Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва гатовая з сёньняшняга дня аказаць праўную і консульскую дапамогу Крысьціне Ціманоўскай.
Паводле Латушкі, МЗС Польшчы даў адпаведнае даручэньне консулу Польшчы ў Токіё, зь якім ужо навязвае сувязь беларуская дыяспара ў Японіі.
Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі 2 жніўня заявіў, што ягоная краіна гатовая прыняць беларускую спартсмэнку.
«Мы яшчэ ўчора адрэагавалі на гэтую сытуацыю, калі атрымалі інфармацыю. Мы зьвярнуліся да прадстаўнікоў спадарыні Ціманоўскай і знаходзімся зь імі ў кантакце.
У інтарэсах справы мы не можам пакуль падаць больш падрабязнасьцяў, акрамя таго, што Польшча гатовая прыняць спадарыню Ціманоўскую, забясьпечыць ёй абарону і працяг спартовай кар’еры», — сказаў Яблоньскі ў эфіры Польскага радыё.
2 жніўня беларуска мусіла стартаваць на дыстанцыі 200 мэтраў. 30 ліпеня яна заняла 4 месца ў першым кваліфікацыйным раўндзе бегу на 100 мэтраў і ня здолела прайсьці ў наступную стадыю спаборніцтваў у гэтай дысцыпліне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Алё, вы аб чым? Гэта Алімпіяда, гэта не прыкол!» Беларускія лёгкаатлеткі даведаліся, што будуць удзельнічаць у новых для іх дысцыплінахЯк паведаміў Фонд спартовай салідарнасьці, з Крысьцінай Ціманоўскай працуюць валянтэры і паліцыя.
«Цяпер я знаходжуся з паліцыяй. Пакуль яны вырашаюць, што рабіць», — пацьвердзіла сама Ціманоўская @euroradio.
Паводле Крысьціны Ціманоўскай, ніякіх прэтэнзіяў да яе за крытыку чыноўнікаў прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на Алімпіядзе ў Токіё не агучвалі. Ёй проста загадалі зьбіраць рэчы і ляцець дадому.
У аэрапорт Крысьціну Ціманоўскую суправаджалі двое ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі ў Токіё.
«Адзін псыхоляг, адзін з НАК нехта», — сказала «Эўрарадыё» атлетка. На пытаньне, ці баіцца яна ляцець у Беларусь, Ціманоўская адказала: «Так».
Пазьней яна заявіла, што плянуе прасіць прытулак у Эўропе. Папярэдняе рашэньне лёгкаатлеткі — зьвяртацца ў амбасаду Аўстрыі ў Токіё.
«Я не вярнуся ў Беларусь», — сказала Ціманоўская агенцтву Reuters у паведамленьні праз Telegram.
У кампаніі Turkish Airlines заявілі, што грамадзянка Беларусі Ціманоўская не праходзіла рэгістрацыю на рэйс Токіё — Стамбул.
Як нагадвае спартовы рэсурс «Трыбуна», пасьля жорсткіх разгонаў вулічных пратэстаў у першыя дні за прэзыдэнцкімі выбарамі — 2020 Крысьціна Ціманоўская выступіла «супраць гвалту з усіх бакоў» і за «свабоду слова».
Алег Ждан, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Японіі, расказаў, што ў аэрапорт прыбыла здымачная група найбуйнейшага японскага тэлеканалу NHK. Яны будуць асьвятляць сытуацыю са спробаю гвалтоўнай дэпартацыі Ціманоўскай.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка заявіў, што загад на эвакуацыю Ціманоўскай з алімпійскага Токіё аддаў асабіста Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атлеты пратэсту. Хто зь іх паедзе на Алімпіяду ў ТокіёНАК: у сувязі з эмацыйна-псыхалягічным станам
Нацыянальны алімпійскі камітэт пракамэнтаваў акалічнасьці сытуацыі з Крысьцінай Ціманоўскай.
«Паводле высновы лекараў, у сувязі з эмацыйна-псыхалягічным станам беларускай лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай, трэнэрскім штабам нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы прынята рашэньне аб спыненьні выступу спартоўкі на Гульнях XXXII Алімпіяды. Такім чынам, адкліканая заяўка спартоўкі на ўдзел у кваліфікацыйных забегах на 200 м і ў эстафэце 4×400 м».
Сама спартоўка зьняпраўдзіла гэта, запэўніўшы, што мэдыкі яе не аглядалі і ніякіх рэкамэндацыяў не давалі.
1 жніўня дзяржаўны тэлеканал АНТ выпусьціў матэрыял, у якім асудзіў паводзіны лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай.
«Пэўныя алімпійцы эмацыйна „паплылі“ яшчэ да старту. Пост у Instagram Крысьціны Ціманоўскай інакш як „нястрыманай выхадкай“ складана назваць. Няўцямная спроба нешта растлумачыць. Але слова — не верабей», — гучала ў сюжэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Жодзік абвінаваціла Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі ў зрыве свайго выступленьня на АлімпіядзеРаней лёгкаатлетка абурылася тым, што без аніякага папярэджаньня яе паставілі на эстафэту 4×400 мэтраў замест бягухаў Ганны Міхайлавай і Крысьціны Мулярчык, якіх празь недагляд спартовых функцыянэраў адхілілі ад Гульняў, бо ім бракавала неабходнай колькасьці допінг-пробаў. Не выбіраючы словаў, спартоўка абвінаваціла ва ўсім трэнэрскі штаб і Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі.
Ад пачатку Крысьціна Ціманоўская мела выступаць толькі на індывідуальных дыстанцыях 100 і 200 мэтраў.
З падобнай прычыны ў Токіё не змагла вылецець скакуха ў вышыню, падпісантка ліста свабодных спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту Марыя Жодзік.